Касцёл у Бразіліі праводзіць кампанію салідарнасці з бежанцамі |
29.01.2016 11:57 |
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Бразіліі разам з бразільскім дабрачынным каталіцкім таварыствам «Карытас» абвясціла кампанію салідарнасці з мігрантамі і бежанцамі, якіх ва ўсім свеце налічваецца каля 60 мільёнаў чалавек. Гэтая кампанія павінна стаць практычным удзелам у Юбілейным Годзе Міласэрнасці, абвешчаным Папам Францішкам. Мэтай ініцыятывы з’яўляецца інфармаванне грамадства аб справах салідарнасці, гуманітарнай дапамогі і гасціннасці ў адносінах да тых, хто быў вымушаны пакінуць свае дамы і краіны і эміграваць у пошуках бяспекі або больш годных умоў жыцця.
Кампанія таксама накіравана на ўмацаванне існуючых ініцыятыў і праектаў, накіраваных на падтрымку мігрантаў, якія вырашылі пераехаць у Бразілію. Сабраныя сродкі падчас гэтай акцыі будуць прызначаны для арганізацыі новых цэнтраў па прыёме мігрантаў, а таксама для абароны і прапаганды асноўных правоў чалавека. Ініцыятары маюць намер стварыць каталіцкую сетку, накіраваную на аказанне юрыдычнай дапамогі, інтэграцыю мігрантаў у новым асяроддзі, а таксама на падтрымку ініцыятыў Міжнароднага «Карытас». Новая кампанія Касцёла ў Бразіліі скіравана да ўсіх людзей добрай волі, каб яны не толькі аказвалі фінансавую падтрымку мігрантам, але і адкрылі свае сэрцы ў знак салідарнасці і стварылі кола малітвы ў інтэнцыі мігрантаў і бежанцаў. Паводле Deon.pl (MV) |