Ісламскія лідары падпісалі гістарычны дакумент аб свабодзе веравызнання ў ісламскім свеце |
29.01.2016 15:00 |
250 мусульманскіх рэлігійных, навуковых і палітычных лідараў падчас міжнароднай навукова-рэлігійнай канферэнцыі ў Маракешы падпісалі дэкларацыю, якая заклікае да павагі свабоды веравызнання ў ісламскім свеце. Упершыню ў найноўшы час збіраецца такая вялікая сустрэча ў ісламскім свеце. Як адзначаюць аўтары дэкларацыі, яе тэкст натхнёны канстытуцыяй з Медзіны, прынятай у 622 годзе, якая павінна была рэгуляваць мірныя адносіны паміж першай мусульманскай супольнасцю і прадстаўнікамі іншых рэлігій. Артыкул 25 гэтага дакумента казаў аб роўнасці палітычных і культурных правоў мусульман і немусульман. Мэтай дэкларацыі з’яўляецца абарона рэлігійных меншасцяў, якія пражываюць у мусульманскіх краінах. Удзельнікі сустрэчы паднялі праблему масавых забойстваў хрысціян і езідаў джыхадзістамі ў Сірыі і Іраку, а таксама канфлікту паміж шыітамі і сунітамі. Падчас канферэнцыі таксама былі падрыхтаваны матэрыялы, прызначаныя дапамагчы лідарам мусульманскіх супольнасцяў распаўсюджваць мір. Як паведаміў Махамед Эльзанузі, дырэктар адной з міратворчых арганізацый, свабода веравызнання замацавана ў Каране. «Мы павінны распаўсюдзіць гэтую інфармацыю і адкінуць ідэі, якія прапагандуюцца “Ісламскай Дзяржавай” і Аль-Каідай», — падкрэсліў Махамед Эльзанузі. Таксама быў запрошаны прадстаўнік Каталіцкага Касцёла — біскуп Мішэль Дзюбост, адказны за міжрэлігійны дыялог у французскім епіскапаце. На думку іерарха, гэтая канферэнцыя была наватарскай па прыродзе, галоўным чынам таму, што ўпершыню ў мусульманскім свеце ўзнімалася не толькі праблема абароны меншасцяў, але таксама было ўведзена паняцце грамадзянскіх правоў і рэкамендавана паглыбленне гэтага пытання, каб звязаць яго з мусульманскай традыцыяй. Канферэнцыя мела назву «Форум па ўсталяванні міру ў мусульманскім грамадстве». Сярод яе ўдзельнікаў былі прадстаўнікі розных галін ісламу, выхадцы з розных мусульманскіх краін, у тым ліку іранскі муфтый і пакістанскія суддзі. Паводле Deon.pl (MV) |