«Марш за жыццё» працягнуўся у снежную буру на дарогах Амерыкі |
29.01.2016 18:09 |
Многія пілігрымы, якія вярталіся са шматтысячнай дэманстрацыі ў абарону жыцця ў Вашынгтоне, патрапілі пад маштабную снежную буру, аднак іх бадзёрасць і жаданне дапамагчы бліжнім на дарогах краіны прыцягнулі яшчэ больш увагі СМІ. Агульнаамерыканскі «Марш за жыццё», які адбыўся на мінулых выходных у Вашынгтоне, увойдзе ў гісторыю тым, што ён не скончыўся пасля таго, як тысячы ўдзельнікаў прайші па вуліцах сталіцы ЗША. Дзясяткі аўтобусаў з дыяцэзій і хрысціянскіх арганізацый розных амерыканскіх штатаў патрапілі ў снежную пастку, калі дарогі ўсходняй часткі ЗША пакрыліся больш чым паўметровым слоем снега. Менавіта па гэтай прычыне пра «Марш за жыццё» напісалі шматлікія СМІ, нават тыя, хто звычайна не стаяць на хрысціянскіх пазіцыях і стараецца ігнараваць меркаванні вернікаў. Многім прыйшлося правесці на адным месцы 24 гадзіны, аднак хрысціяне розных канфесій захавалі пазітыўны настрой і дапамагалі адзін аднаму і выпадковым спадарожнікам. Пілігрымы прапаноўвалі ежу і напоі тым, хто сядзеў у суседніх машынах, ачышчалі адрэзкі дарог і літаральна адкопвалі некаторыя аўто з-пад снегу. Не адзін раз на дарозе адслужылі нават паходныя святыя Імшы. Пілігрымы будавалі для гэтага алтары са снегу, а артыкулы і фотакадры разышліся па ўсіх сацыяльных сетках, а таксама патрапілі ў сродкі масавай інфармацыі. Людзі маліліся, будавалі розныя рэчы са снегу, ставілі крыжы і плакаты, каталіся з горак і жартавалі. Вернікі з розных парафій, якія ехалі ў суседніх аўтобусах, перазнаёміліся і сталі добрымі сябрамі. |