У Манголіі з'явіцца першы мясцовы каталіцкі святар |
03.02.2016 14:56 |
Нешматлікая каталіцкая супольнасць Манголіі неўзабаве здабудзе першага святара з ліку ўраджэнцаў гэтай азіяцкай краіны. У жніўні 2016 года чакаецца прэзбітэрскае пасвячэнне дыякана Юзэфа Энхэ-Батора. Пра гэта паведамляе партал Сібірскай каталіцкай газеты, спасылаючы на карэйскае выданне The Hankyoreh. Будучы святар атрымаў дыяканскае пасвячэнне ў снежні 2014 года з рук карэйскага біскупа Лазара Ю Хён Сіком. Менавіта ў Паўднёвай Карэі Юзэф Энхэ-Батор атрымаў духоўную адукацыю. Прэзбітэрскае пасвячэнне, прызначанае на 28 жніўня, павінна адбыцца ў Петрапаўлаўскім саборы Улан-Батара. Яго здзейсніць апостальскі прэфект Манголіі біскуп Венсеслаа Падзілья.
У гутарцы з карэспандэнтамі агенцтва Asia News мангольскія католікі выказалі радасць у сувязі з тым, што ў іх нарэшце будзе свой святар, які свабодна размаўляе на мангольскай мове і разумее, як сумясціць хрысціянскую веру з мясцовымі традыцыямі. Многія выказалі надзею, што ўслед за пасвячэннем Энхэ-Батора і іншыя каталіцкія юнакі Манголіі адчуюць пакліканне да святарства.
Каталіцкая супольнасць Манголіі лічыцца самай маладой у свеце. Першыя місіянеры прыбылі сюды толькі ў 1992 годзе, пасля падзення камуністычнай ідэалогіі. Праз 20 гадоў у краіне налічвалася ўжо каля тысячы манголаў, якія прынялі каталіцкую веру. У цэлым хрысціяне складаюць сёння каля 2 працэнтаў трохмільённага насельніцтва Манголіі, дзе большасць вернікаў вызнаюць будызм. (AYU) |