У Партугаліі зноў адчынена фацімская базыліка |
03.02.2016 18:50 |
2 лютага ў Фаціме была зноў адчынена базыліка Маці Божай Ружанцовай. Храм быў зачынены ў 2014 годзе вясной у сувязі з правядзеннем рэстаўрацыйных работ у ім. Як адзначыў падчас святой Імшы ў адрэстаўраванай святыні біскуп дыяцэзіі Лейра-Фаціма Антоніо Марто, адной з прыкмет мадэрнізацыі касцёла ў Фаціме з’яўляецца новы алтар. «Невыпадкова ўрачыстае адкрыццё базылікі адбываецца ў той самы дзень, калі Касцёл завяршае Год кансэкраванага жыцця. Сімвалам гэтага з’яўляецца прысутнасць на сённяшняй літургіі шматлікіх прадстаўнікоў рэлігійных супольнасцяў», – сказаў біскуп Марто. Падчас рэканструкцыі ў фацімскай базыліцы былі адноўлены не толькі сцены, але таксама сістэмы асвятлення і вентыляцыі. Адрамантаваны таксама арган на галоўным хоры. «Праца ўнутры святыні была складанай і ўключала некалькі этапаў. У лік аб'ектаў рэстаўрацыі ўвайшло і месца пахавання Люцыі, Жасінты і Францішка», – паведаміў Кармо Родэа, прэс-сакратар фацімскага санктуарыя. У выніку рэстаўрацыі у фацімскай базыліцы пашыраны таксама доступ да магіл трох пастухоў і павялічана колькасць уваходаў, праз якія да ўнутраных аб’ектаў могуць уваходзіць пілігрымы. Будаўніцтва касцёла Маці Божай Ружанцовай пачалося ў 1928 годзе. Святыня была асвечана ў 1953 годзе. Праз год Папа Пій XII надаў ёй тытул малой базылікі. Лічыцца, што кожны год гэты храм наведваюць каля 1 млн. пілігрымаў з усяго свету. Паводле Deon.pl (MV) |