У Аўстрыі падчас Вялікага посту будуць высылаць «смс ад Папы» |
09.02.2016 12:45 |
Каталіцкі Касцёл у Аўстрыі зноў прапануе карыстальнікам мабільных тэлефонаў дасылаць SMS з цытатамі Папы Францішка. Цытаты былі адабраны з выступленняў і пропаведзяў Святога Айца ў трэці год пантыфікату, а таксама з выбраных запісаў Папы на Twitter. «Кароткія паведамленні Папы з’яўляюцца стымулам для асабістай веры, а таксама матывацыяй для заахвочвання да актыўнага хрысціянскага жыцця», — растлумачыў мэту гэтай акцыі Пол Вут, адказны за кантакты са сродкамі масавай інфармацыі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Аўстрыі. Пераадрасацыя такіх SMS бясплатная і даступная для ўсіх карыстальнікаў мабільных сетак Аўстрыі. Яны будуць адпраўляцца штодня з Папяльцовай серады да суботы перад Вялікаднем, а менавіта да 26 сакавіка. У любы час абанент можа адмовіцца ад іх. Падобная акцыя была праведзена Каталіцкім Касцёлам у Аўстрыі да візіту Папы Бэнэдыкта XVI у краіну ў 2007 годзе, падчас посту 2008 года і з 2011 года — кожны год. Як адзначыў Пол Вут, такая акцыя заўсёды выклікала вялікую цікавасць грамадства. Паводле Deon.pl (MV) |