У Сальвадоры затрымалі вайскоўцаў, якіх падазраюць у забойстве шасці езуітаў 27 гадоў таму |
10.02.2016 12:23 |
Як паведамляе «The Washington Post», сальвадорская паліцыя арыштавала чатырох былых ваенных, якія знаходзіліся ў крымінальным вышуку за забойства шасці езуітаў у 1989 годзе. Трагічныя падзеі адбыліся падчас жорсткай грамадзянскай вайны ў Цэнтральнай Амерыцы. Пяцёра з шасці забітых святароў былі іспанцамі. Забойства ўзрушыла міжнароднае грамадскае меркаванне, якое асудзіла дзікунства вайскоўцаў з Сальвадора. Сальвадорскі прэзідэнт Санчэс Серэн у сваёй заяве заклікаў людзей, звязаных з забойствам езуітаў, добраахвотна здацца ў рукі правасуддзя. «Мы павінны ведаць праўду пра тое, што адбылося шмат гадоў таму. Мы таксама патрабуем справядлівасці і прабачэння», — падкрэсліў кіраўнік Сальвадора. Паліцыя краіны абвясціла 6 лютага, што арышт быў зроблены на падставе міжнароднага ордэра на арышт, выдадзенага Інтэрполам. Арышт праходзіў 5 лютага раніцай. Сталі вядомыя таксама асабістыя даныя затрыманых. Лёс арыштаваных будзе вырашаць Вярхоўны суд Сальвадора. Паводле Deon.pl (MV) |