Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Амерыканскія студэнты пабудавалі са снегу капліцу на 140 парафіян
12.02.2016 11:37

Каталіцкія студэнты Мічыганскага тэхналагічнага ўніверсітэта не засталіся ў сваіх пакоях з кубкамі гарачага шакаладу, калі ў наваколлі выпаў снег.

«Гэта добры спосаб думаць пра Бога, Эўхарыстыю і Касцёл зімой. Гэта цяжкая праца, гэта весела і, спадзяюся, дапаможа тут у справе евангелізацыі», — лічыць айцец Бен Хессэ, святар універсітэцкай парафіі Святога Альберта.

Святар атрымаў дазвол ад біскупа на будаўніцтва капліцы і на тое, каб служыць там святую Імшу. З канца студзеня студэнты і звычайныя парафіяне пачалі працу.


Капліца атрымала тытул Маці Божай Валадаркі снягоў.

«Працавала шмат людзей, капліцы было аддадзена некалькі сотняў працоўных гадзін, мы скончылі перад самай Імшой», — распавёў студэнт Бенджамін Метцгер.

«Будаваць касцёл — сапраўды вельмі задавальняючая праца, нават калі ён прастаіць толькі нейкі час», — кажа а. Хессэ.


Вечарам 5 лютага ў капліцы, якую асвятлялі свечкі, адбылася святая Імша, на якой было больш за 140 чалавек. Ужо ёсць планы на будучы год зрабіць капліцу большага памеру, бо ў гэтай людзям было цеснавата.

Студэнты хочуць будучай зімой дадаць больш складаных архітэктурных элементаў — аркі, аркбутаны і нават вітражы.


«Тут вучацца інжынеры, і кожны думае пра дызайн і тэхналогіі. Улічваючы гэта, мяркую, для нашай капліцы няма нічога немагчымага», — сказаў святар.

Аляксандр Гелагаеў паводле Catholicnewsagency.com

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.