Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У калысцы англіканства — замку Хэмптан-Корт — упершыню за апошнія 450 гадоў прайшло каталіцкае набажэнства
15.02.2016 11:42

У капэле замка Хэмптан-Корт вячэрняе набажэнства здзейсніў кардынал Вінсэнт Нікалс, прымас католікаў Англіі і Уэльса.

Па запрашэнні англіканскага біскупа Лонданскага і дэкана каралеўскіх капліц Рычарда Чартрэса кардынал Вінсэнт Нікалс, арцыбіскуп Вестмінстэрскі, прымас католікаў Англіі і Уэльса, 9 лютага правёў вячэрняе набажэнства ў палацы Хэмптан-Корт, брытанскай каралеўскай рэзідэнцыі.

Тут англійскія манархі жылі, пачынаючы з Генрыха VIII аж да XVIII стагоддзя, адзначаюць брытанскія СМІ.

Гэта, як мяркуецца, было першае каталіцкае набажэнства за больш чым 450 гадоў, што было здзейснена ў замкавай капліцы.

Да набажэнства, якое здзяйснялася галоўным чынам на латыні, кардынал Вінсэнт Нікалс і біскуп Рычард Чартрэс правялі публічную дыскусію.

«Задача, з якой і вы, і я, і ўсе, каго мы ўяўляем, сутыкаемся, — зрабіць усё магчымае, каб гарантаваць, што юдэйска-хрысціянская традыцыя, каштоўнасці і вераванні, якія сфармавалі характар гэтай краіны, не былі страчаны», — сказаў кардынал Нікалс.

«У дадзены момант я думаю, што мы губляем іх, адбываецца дэфолт», — падкрэсліў прымас Каталіцкага Касцёла ў Англіі і Уэльсе. Біскуп Чартрэс завяршыў адказнае выступленне словамі: «Сардэчна запрашаем дадому, кардынал».

У 1530 г. у замку Хэмптан-Корт англійскі кароль Генрых VIII і яго дарадцы склалі ліст у Рым. У ім кароль упершыню пагражаў Папу Рымскаму парваць з Ватыканам і адлучыцца ад Каталіцкага Касцёла. Праз чатыры гады, у 1534 г., Генрых VIII ажыццявіў сваю пагрозу, і была ўтворана Англіканская Царква.

Газета «Now British» з гумарам адзначае, што Генрых VIII мог бы перавярнуцца ў сваёй магіле, калі б яму стала вядома, што рыма-каталіцкае духавенства вярнулася ў Хэмптан-Корт і правяло набажэнства ў калысцы англіканства.

Падчас набажэнства гучала духоўная музыка Томаса Таліса і Джона Тавернера — кампазітараў Цюдараўскай эпохі, якія стваралі музыку, «спрабуючы задаволіць складаныя і ўвесь час зменлівыя духоўныя патрэбы манархаў», як тактоўна выказаўся аўтар паведамлення, размешчанага на афіцыйным сайце капэлы палаца Хэмптан-Корт.

Набажэнства стала сімвалам прымірэння і адзінства паміж Англіканскай Царквой і Каталіцкім Касцёлам, адзначае газета The Guardian.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.