Благаслаўлёны кс. Міхал Сапоцька прызнаны апекуном Беластока |
16.02.2016 15:38 |
Ксёндз Міхал Сапоцька, які быў спаведніком св. Фаўстыны Кавальскай, быў узнесены да хвалы нябеснага алтара 28 верасня 2008 г. Урачыстая цырымонія адбылася а 10-й гадзіне на могілках касцёла Божай Міласэрнасці ў Беластоку (Польшча). На ініцыятыву жыхароў аб прызнанні яго апекуном горада Рада згадзілася яшчэ ў маі 2015 года, а 7 студзеня згоду на гэтую пастанову дала Апостальская Сталіца. Падчас урачыстай сесіі ў Ватыкане быў прысутны ардынарый Беластоцкі арцыбіскуп Эдвард Азароўскі, які адзначыў, што святы апякун з’яўляецца моцным заступнікам, своеасаблівым «інструментам камунікацыі», праз які Бог можа прамаўляць да людзей і праз які людзі могуць кантактаваць з Богам». Благаслаўлёны кс. Міхал Сапоцька нарадзіўся ў Юшаўшчыне (сёння гэта вёска Навасады) і быў ахрышчаны ў касцёле ў Забрэззі на Валожыншчыне. Ксёндз Міхал быў пакліканы Богам стаць спаведніком святой Фаустыны Кавальскай, якой аб’яўляўся міласэрны Езус. Гэтаму святару Бог даручыў надзвычайную місію — быць духоўным кіраўніком законніцы, праз якую Езус перадаў чалавецтву сваё пасланне міласэрнасці. Менавіта кс. Міхал параіў сястры Фаўстыне пачаць свой «Дзённік» і такім чынам пакінуць чалавецтву дакумент бязмежнай каштоўнасці пра Божую міласэрнасць і пра надзею, якую яна нясе. Да гэтай надзвычайнай місіі ксёндз Міхал Сапоцька рыхтаваўся на беларускай зямлі. Гэтая зямля з яе багатай і разам з тым трагічнай гісторыяй падаравала свету святога чалавека, якому Бог дазволіў увайсці ў таямніцу Ягонай міласэрнасці, спасцігнуць яе, апрацаваць яе тэалагічныя асновы і, нягледзячы на шматлікія перашкоды, стаць яе надзвычайным вестуном. (AYU), (DN) |