Патрыярх Кірыл выказаўся наконт сустрэчы з Папам Францішкам |
17.02.2016 09:00 |
«Ні ў якім разе нельга дапусціць вялікай вайны, і гэта была тэма нашай размовы з Папам Францішкам», — прызнаўся Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у інтэрв’ю тэлеканалу «Russia Today». На думку кіраўніка Рускай Праваслаўнай Царквы, «трэба зрабіць усё для таго, каб радыкальна змяніць адносіны паміж Расіяй і Злучанымі Штатамі да лепшага». Прадстаяцель заклікаў зразумець, «што існуюць дзве такія магутныя краіны, якія адна адну могуць знішчыць і могуць знішчыць свет сваім ваенным патэнцыялам». «Трэба зрабіць усё для таго, каб не дапусціць вайны», — падкрэсліў іерарх. Патрыярх сказаў, што нават у гады халоднай вайны, калі свет быў блізкі да вайны сапраўднай, хрысціяне Злучаных Штатаў і Савецкага Саюза знаходзілі магчымасць сустракацца і працаваць разам для лепшай будучыні. «Чаму мы не можам рабіць гэтага сёння? Чаму мы сталі настолькі далёкімі адзін ад аднаго?» — задаўся пытаннямі іерарх. «І ў гэтым сэнсе мая сустрэча з Папам Францішкам была вельмі важнай», — дадаў Патрыярх. «Дзве самыя вялікія Царквы ў свеце ў асобах сваіх Прадстаяцеляў сустрэліся, каб зверыць гадзіннікі, каб пагаварыць пра адны і тыя ж праблемы — кожны са свайго пункту гледжання. І мы пераканаліся, што можна прыходзіць да агульнага адказу, і — можа быць, я здзіўлю вас — з лёгкасцю прыходзіць», — прызнаўся Патрыярх і дадаў, што гэта адбываецца дзякуючы «агульнаму маральнаму кансенсусу — веры ў Пана Езуса Хрыста, у Яго запаведзі і законы». «Мы не можам жыць на адным невялікім зямным шары, які раздзіраюць глыбінныя супярэчнасці на анталагічным каштоўнасным узроўні», — падкрэсліў кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы і выказаў спадзяванне, што яго сустрэча з Пантыфікам «унесла свой сціплы ўклад у фарміраванне будучыні маральнага кансенсусу для ўсіх людзей». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |