Мексіка: Касцёл «стаіць на лініі агню» |
18.02.2016 09:15 |
Дыяцэзіяльныя святары і манаскае духавенства становяцца ахвярамі войнаў,
якія вядуць наркакартэлі ў Мексіцы. Гэта актуальна асабліва для штату
Мічаакан, дзе 16 лютага ў межах візіту ў Мексіку Папа Францішак сустрэўся з духавенствам,
кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі. Штан Мічаакан лічыцца адным з самых небяспечных месцаў з-за гвалту з боку арганізаванай злачыннасці. Міжнародныя арганізацыі адзначаюць, што гвалтоўныя канфлікты паміж арміяй і ўзброенымі фарміраваннямі наркакартэляў ужо даўно ператварыліся з проста барацьбы з крымінальнай злачыннасцю ў сапраўдную вайну. У 2013 годзе Грамадзянская самаабарона адбіла з рук наркакартэляў горад Тансітара ў Мічаакан. Грамадзяне самі ці з дапамогай дзяржавы бяруцца за зброю і становяцца ўсё мацнейшымі ў барацьбе са злачынцамі, самі клапоцяцца пра грамадскую бяспеку і змагаюцца з вымаганнем, выкраданнямі і гвалтоўнымі дзеяннямі наркабаронаў.
Марш байцоў грамадзянскай самаабароны. Грамадзянская самаабарона існуе ўжо амаль у палове з 32 мексіканскіх штатаў. Той факт, што Папа змог наведаць Мічаакан і яго вернікаў, лічыцца прыкметай паступовага паляпшэння сітуацыі. Мексіканская вайна супраць наркакартэляў пачалася ў 2006 годзе і фактычна ператварылася ў адкрытыя ваенныя дзеянні супраць арганізаванай злачыннасці, якая стала ўжываць метады масавага тэрору і псіхалагічнай вайны. Мексіканскі святар Грыгорыо Лопес, які заклікае актыўна змагацца з наркамафіяй У Мексіцы з 2007 г. былі забіты як мінімум 26 святароў, якія выступілі супраць наркакартэляў. Усяго забітых — больш за 150 тысяч чалавек. Святароў і вернікаў часта катуюць перад смерцю. Цела апошняга з забітых — кс. Эраста Пліега дэ Хесуса — было знойдзена раніцай 17 лістапада 2015 г. На ім знайшлі сляды апёкаў і збіцця, а смерць наступіла ў выніку глыбокага ўдару нажом у галаву. Паводле Каталіцкага мультымедыйнага цэнтра, на працягу апошніх 25 гадоў у краіне загінулі ў цэлым 45 чалавек, якія афіцыйна служылі ў касцёльных структурах: адзін кардынал, 38 святароў, дыяканаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў, чатыры каталіцкія журналісты. Неаязычніцкі культ «святой Смерці» распаўсюджаны ў Мексіцы найперш сярод злачынцаў Гэтыя лічбы значна ўзраслі з 2006 года, таму ўжо 10 гадоў святары і манахі стаяць, можна сказаць, на «лініі агню». Кожны год у кровапралітных баях паміж картэлямі і паміж імі і ўрадавымі войскамі ў Мексіцы гінуць тысячы людзей. Аляксандр Гелагаеў паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |