Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Генеральным дырэктарам «Renovabis» прызначаны кс. Крысціян Хартль
19.02.2016 09:27

Падчас пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Германіі новым генеральным дырэктарам дабрачыннай арганізацыі «Renovabis» быў прызначаны кс. д-р Крысціян Хартль, які сёння выконвае абавязкі духоўнага айца Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі св. Ламберта ў Лантэрсхофене.

Новы дырэктар выбраны на пасаду генеральнага дырэктара на пяцігадовы тэрмін і ўступіць у свае абавязкі з першага кастрычніка.

«Разам з вялікай павагай перад новым абавязкам я адчуваю перадусім радасць ад таго, што я магу зрабіць», — прызнаўся пасля прызначэння на новую пасаду святар.

Паводле слоў святара, думка пра салідарнасць з людзьмі ва Усходняй Еўропе, якія жывуць у вельмі розных кантэкстах, мае цэнтральнае значэнне. Многія кантакты ва Усходняй Еўропе, якія яго чакаюць, стануць для святара «адкрыццём новых земляў». Пасля сваёй працы ў якасці духоўнага айца семінарыі ў апошнія гады, калі ён мог «паглыбіць погляд унутры», кс. Крысціян рады, што атрымае магчымасць «паглыбіць погляд таксама і звонку».

Папярэднік кс. Крысціяна Хартля, а. Стэфан Дартман SJ, быў прызначаны рэктарам калегіі Germanicum et Hungaricum у Рыме.
51-гадовы кс. Крысціян Хартль атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў 1990 годзе ў Аўгсбургу, з 1993 па 1997 гг. быў сакратаром аўгсбургскага біскупа Віктара Юзафа Даммерца OSB.

Разам са шматлікімі пасадамі ў якасці душпастыра і пробашча, ксёндз Хартль доўгі час нёс адказнасць за падрыхтоўку будучых святароў, спачатку з 2000 па 2003 год як намеснік рэктара семінарыі, а з 2003 па 2009 як рэктар духоўнай семінарыі ў дыяцэзіі Аўгсбурга. У 2000 годзе святар абараніў кандыдацкую дысертацыю ва ўніверсітэце Інсбрука. Падчас кіравання семінарыяй ён таксама выкладаў гамілетыку ва ўніверсітэце Аўгсбурга і ў філасофска-тэалагічным Інстытуце ў Бэнэдыктбоерне. З 2012 г. выконвае абавязкі духоўнага айца ў духоўнай семінарыі ў Лантэрсхофене.

Паводле renovabis.de
Пераклад І. Лапато


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.