У Лагеўніках праходзяць рэкалекцыі для глуханямых |
22.02.2016 12:46 |
З 19 лютага ў cанктуарыі Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках (Польшча) праходзяць велікапосныя рэкалекцыі для глуханямых на тэму Божай міласэрнасці. У духоўных практыкаваннях прымае ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек з Варшавы, Катавіц, Вроцлава і Тарнава. «Мы хацелі, каб глухія людзі былі агорнуты Божай міласэрнасцю ў гэты Юбілейны Год, прысвяціць ім час і паказаць, чым з’яўляецца Божая міласэрнасць і якое яна мае значэнне для чалавека», — распавёў «KAI» кс. Даміян Мігач, душпастыр глуханямых у Тарнаве. Рэкалекцыі праходзяць пад назвай «Міласэрнасць — заданне і чаканне». Падчас канферэнцый удзельнікі даведваюцца пра выпадкі праяўлення Божай міласэрнасці, якiя сустракаюцца ў Святым Пісанні, а таксама знаёмяцца з гісторыяй святой сястры Фаўстыны Кавальскай і тлумачэннем зместу яе дзённіка.
Акрамя малітваў і канферэнцый, удзельнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з санктуарыем і Кракавам. Удзельнікі ўжо праглядзелі фільм «Святая Фаўстына» на адмысловай мове жэстаў. Як адзначыў кс. Даміян Мігач, такія рэкалекцыі з’яўляюцца незвычайнай дапамогай для гэтага спецыфічнага асяроддзя вернікаў, якія маюць абмежаванні ў пазнаванні і ўспрыманні, таму менш ведаюць пра тэматыку Касцёла. «Гэты час з’яўляецца свайго роду назапашваннем ведаў пра Бога і перажываннем Яго міласэрнасці праз споведзь і малітву. Таксама важным з’яўляецца аспект інтэграцыі розных слаёў з усёй Польшчы — адкрыццё сведчання веры іншых, глухіх хрысціян», — сказаў святар. Рэкалекцыі для глухіх у Лагеўніках скончацца 28 лютага. Арганізатарам рэкалекцый з’яўляецца душпастырства глуханямых з Тарнаўскай дыяцэзіі. Паводле Deon.pl (MV) |