L'Osservatore Romano з пашанаю і прызнаннем узгадвае вядомага постмадэрніста Умбэрта Эка |
22.02.2016 14:57 |
L'Osservatore Romano з прызнаннем піша пра італьянскага пісьменніка Умбэрта Эка, які памёр 19 лютага ў 84-гадовым узросце, называючы яго заўзятым пісьменнікам і вялікім вучоным. Па дадзеных ватыканскага выдання, дзякуючы яго першаму твору «Імя ружы», сусветнаму бэстсэлеру пра манаскае жыццё ў сярэднявечным кляштары, Эка ўвайшоў у гісторыю. L'Osservatore Romano звяртае ўвагу, што апрача майстэрскіх літаратурных і навуковых прац, пісьменнік пакінуў і занадта сумныя аповесці, а нават цьмяныя і амаль нечытэльныя, напрыклад, як «Могілкі ў Празе». Па меркаванні ватыканскага выдання, яго інтэлектуальная бліскучасць мела таксама і свае недахопы, пад якімі разумеюцца яго перакананні, што ўсё зманлівае і жыццё з’яўляецца гульнёй без сэнсу. Варожасць у адносінах да Касцёла ў філосафа, гісторыка-медыявіста, журналіста, пісьменніка, публіцыста, палітычнага аглядальніка, які нарадзіўся ў 1932 годзе ў паўночнаітальянскай Алесандрыі, спала з цягам часу — як адзначае часопіс, цытуючы Умбэрта Эка: «Калі аднойчы я прыбуду ў рай і сустрэнуся з Богам, і калі Ён будзе са Старога Запавету, прагнучым помсты, то Ён адвернецца ад мяне і я пайду ў пекла. Калі ж Ён будзе з Новага Запавету, то гэта добра, бо мы чыталі адны і тыя ж кнігі і размаўлялі на адной мове. Мы зразумеем адзін аднаго». Умбэрта Эка, які ў 1954 годзе напісаў дысертацыю па эстэтыцы святога Тамаша Аквінскага, назваў сябе пажыццёвым агностыкам. З іншага боку, у сваіх лістах ён пісаў скептычна аб атэістычным светапоглядзе. На яго думку, непаслядоўна адмаўляць існаванне Бога і адначасова мець цвёрдую перакананасць у магчымасці даказаць Яго неіснаванне. Вялікай папулярнасцю карысталіся лісты паміж Умбэрта Эка і арцыбіскупам Мілана кардыналам Карло Марыя Марціні (1927-2012). Спрэчная дыскусія на тэму «У што верыць той, хто не верыць» вядомага пісьменніка і кардынала адбылася ў 1995 годзе на старонках часопіса «Ліберал». У 1998 годзе гэтая дыскусія была выдадзена ў выглядзе кнігі. У гэтым ліставанні былі закрануты важныя этычныя тэмы, напрыклад, аборт, генетычныя маніпуляцыі, а таксама меркаванне наконт ролі жанчыны ў Касцёле. «Людзі павінны вучыцца думаць пра складаныя рэчы, а тады альбо таемнае, альбо відавочнае становіцца простым», — такое было супольнае меркаванне Эка і кардынала Марціні ў дыскусіі. Паводле kai.pl (AYU) |