Салезіяне ў Алепа: свет не можа ігнараваць трагічнага становішча Сірыі |
25.02.2016 06:29 |
Свет не можа заплюшчыць вочы на трагічнае становішча Сірыі: з такім заклікам выступіў ксёндз Лучана Бураці SDB, які працуе ў горадзе Алепа. Пяць гадоў грамадзянскай вайны прынеслі Сірыі незлічонае мноства ахвяр. «Усюды пануе замяшанне, паўсюль смерць», — заявіў місіянер у інтэрв’ю Салезіянскаму інфармацыйнаму агенцтву «Ans». Асабліва ў Алепа апошнія тры гады ідзе няспынная вайна. «Кожную ноч падаюць бомбы, — сказаў святар, — кожны раз хтосьці губляе члена сям’і ці блізкага чалавека». Нягледзячы на цяжкасці, святары з манаскай сям’і, заснаванай Донам Боско, і надалей працягваюць сваё служэнне. «Наша супольнасць, — адзначыў ксёндз Лучана, — у любым выпадку вырашыла застацца. Мы стараемся даць сем’ям такое месца, дзе нават сярод хаосу можна перавесці дух, адчуць нейкую стабільнасць і гармонію. Для гэтай мэты служэнне нашай парафіі і араторыя працягваюцца ў звычайным рэжыме, як гэта было напярэдадні баявых дзеянняў, аднак структур, якія працавалі б з ранейшай сістэматычнасцю, засталося вельмі мала». Таксама ксёндз Лучана спыніўся на асабліва драматычным становішчы мясцовых хрысціян: «Тыя, у каго былі сродкі, каб пакінуць краіну, ужо гэта зрабілі; некаторыя з вернікаў знайшлі прытулак у больш бяспечных гарадах; аднак многія людзі, якія не маюць фінансавых рэсурсаў, па-ранейшаму застаюцца ў Алепа». «Павялічыўся паток тых, хто звяртаецца ў нашу парафію за дапамогай, прыходзяць у пошуках Бога і за суцяшэннем, — адзначыў салезіянін. — У нашай парафіяльнай супольнасці каля двухсот сем’яў страцілі літаральна ўсё, цяпер жа яны імкнуцца выжыць». У Сірыі салезіяне маюць два дамы: адзін у Алепа, імя святога Георгія, і другі — у Кафруне, імя Дона Боско. У абедзвюх структурах размешчаны араторыі, прытулкі для бедных і касцёльныя парафіі, якія заўсёды гатовы служыць тым, хто найбольш патрабуе. Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |