Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каталіцкія біскупы Нігерыі заклікаюць урад змяніць эканамічную палітыку
25.02.2016 12:00

Краіне варта зменшыць залежнасць ад гандлю нафтай і спрыяць развіццю сярэдняга і дробнага бізнесу, лічыць Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў афрыканскай дзяржавы.

Такі шлях будзе спрыяць больш справядліваму размеркаванню даходаў сярод насельніцтва і павысіць узровень жыцця, адзначаюць іерархі.

«Бедныя маюць такія ж правы на карыстанне агульнанацыянальным багаццем, як і багатыя», — гаворыцца ў іх звароце.

Падзенне цэн на нафту ўдарыла па эканоміках нафтазалежных краін, у тым ліку Нігерыі, якая ўваходзіць у Арганізацыю краін-экспарцёраў нафты. Сярод іншых перажывае эканамічныя праблемы і Беларусь, значная частка бюджэту якой забяспечвалася гандлем нафтапрадуктамі, якія вырабляліся з расійскай нафты на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах.

Нігерыйскія біскупы заклікаюць урад забяспечыць належнае выкарыстанне рэсурсаў для агульнага дабра нацыі.


«Належная бяспека ў грамадстве і правільнае кіраванне дадуць пачатак эфектыўнай сістэме адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага забяспячэння, зменшаць беспрацоўе, карупцыю, беднасць і насілле», — кажуць біскупы.

Таксама іерархі віталі змаганне супраць ісламісцкай групоўкі «Боко Харам», якая жорстка забівае і бярэ ў палон мірных людзей, перш за ўсё нападаючы на нігерыйскіх хрысціян.

Аляксандр Гелагаеў паводле Catholicphilly.com

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.