Каталічка з Ерузалема паказвае прыклад свабоды для палесцінскіх жанчын праз бодыбілдынг |
27.02.2016 10:42 |
Ануш Беліан неяк зайшла ў спартыўную залу ў хрысціянскім квартале Ерузалема. Праз год яна стала першай палесцінскай жанчынай, якая перамагла ў спаборніцтве па бодыбілдынгу. «Пачынаючы займацца спортам, я не збіралася выходзіць на прафесійны ўзровень. Проста хацела палепшыць форму, аднак лёс склаўся іншым чынам», — распавядае 29-гадовая Ануш. Яна была сярод нешматлікіх жанчын, якія прыходзілі ў спортзалу — адзіную ў Старым Ерузалеме. Мясцовае грамадства застаецца вельмі патрыярхальным і рэдка глядзіць з задавальненнем на жанчын, якія займаюцца спортам. Жанчына распавядае, што яе сям'і і знаёмым было цяжка зразумець, як настаўніца англійскай мовы можа так рэзка змяніць жыццё. Яна адзначае, што некаторыя кпілі з яе, заклікалі хутчэй выйсці замуж, каб «вярнуцца да розуму». Іншыя не разумелі, як жанчына можа быць мацнейшай за многіх мужчын. «У кожнага мусіць быць свая мэта ў жыцці», — кажа Ануш. Змены ў рэжыме і доўгія трэніроўкі шмат змянілі ў светапоглядзе Ануш, аднак галоўнае яна захавала — сваю веру. Былая ўдзельніца касцёльнага хору заўсёды знаходзіць час для нядзельнай святой Імшы і святаў. Ануш са сваім трэнерам, таксама хрысціянінам, моляцца ў святыні Гробу Пана, якая знаходзіцца побач са спартыўнай залай. Перад першым спаборніцтвам яны разам маліліся «Ойча наш», Ружанец і запальвалі свечы. «Я хажу ў касцёл, і гэта не зменіцца. Калі не маеш веры, не маеш мэты ў жыцці», — кажа Ануш. Аляксандр Гелагаеў паводле Сatholicreview.org |