У Партугаліі пратэстуюць супраць абразлівага плаката з выявай Хрыста |
29.02.2016 17:01 |
Палітыкі, біскупы і многія партугальскія грамадзяне пратэставалі 26 лютага супраць падрыхтаванага Левым блокам краіны плаката з выявай Хрыста і лозунгам «У Езуса таксама было два бацькі». Плакат павінен быў «нагадаць» пра 10 лютага, калі парламент гэтай краіны адхіліў вета прэзідэнта на законапраект, які дапускае ўсынаўленне дзяцей гомасексуалістамі. Супраць абразлівага плаката збіраюць подпісы праз iнтэрнэт, а на форумах дамінуюць каментары з крытыкай ініцыятывы Левага блока. Хрысціянскія арганізацыі ў сваю чаргу прыгразілі Леваму блоку судовымі працэсамі. Пасля крытыкі кіраўнікі груп ужо заявілі, што адмовіліся ад намеру размяшчаць на вуліцах партугальскіх гарадоў спрэчны плакат. Яны прызналі, што выбар выкарыстаць у плакаце выяву Езуса быў свядомы, а плакат будзе папулярызаваны ў інтэрнэце з-за яго «палемічнага паведамлення», якое разбурае табу. «Заўсёды існавалі розныя сем'і. У Езуса таксама было два бацькі: духоўны і зямны», — сказала Сандра Куна, дэпутат Левага блока. 26 лютага сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Партугаліі кс. Мануэль Барбоса раскрытыкаваў спрэчны плакат і абвінаваціў групоўку, якая карыстаецца 10-працэнтнай падтрымкай у грамадстве, у «несправядлівых дзеяннях у дачыненні да паслядоўнікаў хрысціянства». Святар дадаў, што вобраз Езуса Хрыста не мае ніякага дачынення да права ўсынаўлення дзяцей аднаполымі парамі. 10 лютага Сход Рэспублікі Партугаліі адхіліў права вета Прэзідэнта Каваку Сілва, за што прагаласавала большасць (137 галасоў) і 73 галасы супраць. Восем дэпутатаў устрымаліся. Новы закон дазваляе ўсынаўленне дзяцей не толькі асобам аднаго полу, але і парам, якія жывуць разам прынамсі два гады без якіх-небудзь юрыдычных абавязацельстваў. Паводле Deon.pl (MV) |