У сектары Газа скарачаецца колькасць хрысціян |
03.03.2016 11:27 |
Невялікая хрысціянская супольнасць заблакаванага Ізраілем палесцінскага сектара Газа ў апошні час значна паменшылася. Пробашч адзінай у гэтым рэгіёне каталіцкай парафіі Святой Сям’і ў дакладзе, падрыхтаваным службай СМІ Лацінскага Патрыярхату Ерузалема, паведаміў, што на працягу некалькіх месяцаў сектар Газа пакінула каля 30 маладых хрысціян і адначасова ў рэгіёне памерла шмат пажылых вернікаў.
Як адзначыў кс. Марыё да Сілва, эміграцыя маладых людзей выклікана адсутнасцю веры ў будучыню, ізраільскай блакадай, беспрацоўем і страхам перад пачаткам новай вайны. На дадзены момант у сектары Газа жывуць толькі 1000 хрысціян. Умовы жыцця асабліва дрэнныя ў зімовы перыяд, калі з-за адсутнасці электрычнасці няма ацяплення, а дамы разбураюцца ад холаду і вільгаці. Праблемы беспрацоўя і адсутнасці адэкватнай медыцынскай дапамогі ў сектары Газа асабліва востра стаяць для многіх шматдзетных сем’яў.
Нягледзячы на цяжкасці, кс. Марыё да Сілва рады, што маладыя католікі з сектара Газа атрымалі ад ізраільскіх уладаў дазвол прыняць удзел у святкаванні Вялікадня ў Ерузалеме, а пяць парафіян прымуць удзел у Сусветных днях моладзі ў Кракаве. Паводле Deon.pl (MV) |