Камуністычныя ўлады Кітая хочуць паразумення з Касцёлам |
03.03.2016 11:12 |
«Падчас кіраўніцтва Папы Францішка і Прэзідэнта Сі Цзіньпіна расце надзея на пацяпленне двухбаковых адносін», — так гучыць назва артыкула, што з’явіўся ў «Global Times», штодзённым кітайскім таблоідзе, які надае асаблівую ўвагу міжнародным праблемам з пункту гледжання камуністычных улад Кітая.
Аўтары спасылаюцца на нядаўняе беспрэцэдэнтнае інтэрв’ю Папы ганконгскаму часопісу «Asia Times».
«Global Times» звяртае ўвагу на пашырэнне супрацоўніцтва паміж Кітаем і Апостальскай Сталіцай і на двухбаковае жаданне ўрэгулявання адносін. Падкрэсліваецца супадзенне поглядаў Папы Францішка і кітайскіх лідараў па такіх пытаннях, як экалогія, клопат пра бедных, дзяцей і пажылых людзей. Найбольш важнай праблемай для вырашэння лічыцца намінацыя біскупаў, каб яны былі зацверджаны як Папам, так і ўладамі.
Аўтар матэрыяла Цзян Цзэ неаднаразова спасылаецца на амерыканскага кардынала Тэадора МакКарыка, які ў апошнія гады наведаў Кітай некалькі разоў. 29 лютага Святы Айцец прыняў яго на прыватнай аўдыенцыі.
Многія назіральнікі, у тым ліку былы прэм’ер-міністр Італіі і старшыня Еўрапейскай камісіі Рамана Продзі, лічаць артыкул у «Global Times» і аналагічную рэакцыю ў іншых кітайскіх СМІ вельмі важнай прыкметай таго, што кітайскія камуністы хочуць урэгуляваць сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў сваёй краіне. Многія таксама звяртаюць увагу, што кітайскія лідары ўсвядомілі важнасць Каталіцкага Касцёла ў свеце — калі ў адзін і той жа час у Злучаных Штатах з візітам знаходзіліся Папа і Прэзідэнт Сі Цзіньпін: Папу Францішка радасна віталі мільёны амерыканцаў, а кітайскага лідара тысячы пратэстуючых дэманстрантаў. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
|