Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Кеніі манахіня стварае для дзяўчынак хрысціянскі рытуал ініцыяцыі, каб уратаваць іх ад калецтва
07.03.2016 11:57

Хрысціянскі рытуал мусіць сімвалізаваць пераход ад дзяцінства да жаноцкасці і замяніць дагэтуль пашыраны ў многіх краінах Афрыкі і Азіі язычніцкі звычай жаночага абразання, якое можа цяжка цяжка нашкодзіць дзяўчыне.

Сястра Эфігерыя Гачыры I.B.V.M. пашырае створаны ёй хрысціянскі абрад у Кеніі, каб сказаць дзяўчынам: «Бог стварыў вас вельм прыгожымі, не знішчайце Ягонае стварэнне небяспечным варварскім звычаем». Сястра Гачыры належыць да Інстытуту благаслаўлёнай Дзевы Марыі (Сёстры Ларэта).

Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, жаночым абразаннем, якое таксама называюць жаночым генітальным калецтвам, называюць любыя аперацыі па змене жаночых палавых органаў без медыцынскіх прычын.

Язычніцкія звычаі многіх этнасаў Афрыкі і Азіі патрабуюць рабіць гэта, што часта прыводзіць да немагчымасці весці нармальнае палавое жыццё, інфекцый і захворванняў, каб захаваць дзявоцкасць, прадэманстраваць вернасць будучаму мужу ці пакорнасць дзяўчыны.

ААН лічыць рытуал жаночага абразання формай прыгнёту жанчын, і ў многіх краінах ён забаронены, аднак гэтыя забароны слаба выконваюцца. Па ўсім свеце каля 130 мільёнаў жанчын прайшлі падобныя рытуалы.

Сястра Гачыры 16 гадоў аддала вывучэнню і змаганню з язычніцкім звычаем у Кеніі, сабрала масу інфармацыі пра светапогляд розных плямён, размаўляла з дзяўчынамі ў мясцовых школах і касцёлах.


Аказалася, што многія дзяўчаты і жанчыны вераць у патрэбу нейкага абраду ініцыяцыі жанчын. Таму манахіня, якая раілася з псіхолагамі, рэлігійнымі лідарамі, супрацоўнікамі дабрачынных арганізацый і дзяржаўнымі чыноўнікамі, вырашыла, што варта стварыць хрысціянскі рытуал, які павінен быць бяскроўным і замяніць сабой язычніцкі.

Цяпер у некаторых касцёлах у жніўні і снежні дзяўчыны ўдзельнічаюць у семінарах і слухаюць лекцыі пра хрысціянскі шлюб, гігіену, небяспеку алкагольнай і наркатычнай залежнасці, хваробаў, якія перадаюцца палавым шляхам.

Сястра Гачыры сабрала каманду прыкладна з 30 чалавек, якія дапамагаюць ёй пашыраць гэтую практыку ў новых раёнах з дапамогай мясцовых святароў ці старэйшын.

Праз тыдзень, падчас якога адбываецца больш за 30 розных адукацыйных мерапрыемстваў, адбываюцца святая Імша і адмысловая цырымонія, падчас якой дзяўчаты ад 13 да 16 гадоў даюць Богу, бацькам і вясковай грамадзе абяцанне «заставацца такімі, як Бог нас стварыў, не быць скалечанымі праз абразанне, заставацца адзінымі ў целе і ў душы».

«Гэта цяжка. Аднак патрэбны нехта, хто мае жаданне і бачанне. Я не стамлюся і не спынюся», — кажа сястра Гачыры.

Аляксандр Гелагаеў паводле Catholicphilly.com

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.