Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Забітага пакістанскага міністра-католіка могуць прызнаць мучанікам за веру
08.03.2016 16:19

У пятую гадавіну забойства Шабхаза Бхаці Касцёл у Пакістане адкрыў працэс па прызнанні палітыка, які абараняў права хрысціян на свабоду веравызнання ў ісламскай краіне, мучанікам.

Шабхаз Бхаці, адзіны ў гісторыі краіны міністр-хрысціянін ва ўрадзе Пакістана, быў забіты ісламістамі 2 сакавіка 2011 года, а перад гэтым на працягу больш чым года атрымліваў пагрозы.

«Ён казаў з верай і мужнасцю. Дзякуючы яму быў чутны голас пакістанскіх хрысціян. Ён быў добрым католікам і аддаў жыццё за сваю справу», — сказаў арцыбіскуп Карачы Язэп Куц падчас цырымоніі ў гонар забітага палітыка.


Паліцэйскія аглядаюць расстраляны аўтамабіль Шабхаза Бхаці

У Пакістане пачаўся збор сведчанняў і ўспамінаў пра Шабхаза Бхаці.

«Бхаці, хоць не надта хацеў гэтага, аднак вырашыў граць актыўную ролю ў палітыцы, каб абараніць пакістанскіх хрысціян і іншыя рэлігійныя меншасці. Ён быў чалавекам вельмі адданым, вырашыў жыць у цэлібаце, не меў маёмасці і разглядаў сваю справу як служэнне», — распавядаў пасля гібелі міністра біскуп Энтоні Лобоў.

Бхаці ў якасці міністра па справах рэлігійных меншасцяў імкнуўся змяніць так званыя «законы аб блюзнерстве», паводле якіх любая публічная крытыка ці проста нязгода з вучэннем ісламу магла прывесці да смяротнага пакарання.

На выпадак смерці Шабхаз Бхаці запісаў відэа, у якім сказаў: «Я веру ў Езуса Хрыста, які за нас аддаў жыццё, і я гатовы аддаць сваё жыццё. Я жыву для сваіх братоў і сясцёр... І памру, каб абараніць іх правы».


Аляксандр Гелагаеў паводле Ewtnnews.com

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.