Новыя футбольныя клубы падтрымалі адукацыйную ініцыятыву Пантыфіка |
09.03.2016 11:35 |
Чарговыя футбольныя клубы падтрымалі праект супрацоўніцтва школ, ініцыятарам якога выступіў Папа Францішак. Футбалісты «River Plate» і «Boca Juniors», аргенцінскіх клубаў першай лігі, перад нядзельным матчам у Буэнас-Айрэсе пасадзілі аліўкавае дрэва, якое з’яўляецца сімвалам праекту. Ініцыятыва нарадзілася ў Аргенціне і пазней атрымала назву «Scholas occurrentes». Папа Францішак яшчэ перад сваім абраннем на Пасад святога Пятра развіваў у архідыяцэзіі Буэнас-Айрэса праект супрацоўніцтва паміж школамі на ўзроўні спартыўных і дабрачынных ініцыятыў. Ідэя заснавана на супрацоўніцтве школ з усяго свету ў рэалізацыі сумесных праектаў. Навучальныя ўстановы павінны ўзаемаўзбагачацца, будаваць атмасферу ўзаемнай павагі паміж рознымі народамі і культурамі, а таксама садзейнічаць адукацыі дзяцей з сем’яў з нізкім узроўнем даходу. Першыя замежныя школы былі ўключаны ў праект «Scholas occurrentes» у 2013 годзе падчас канферэнцыі ў Папскай акадэміі навук. Папа Францішак у той час сустрэўся з прадстаўнікамі сусветнага футболу, у тым ліку з добра вядомымі футбалістамі і трэнерамі з Аргенціны і Італіі. Капітаны зборных абедзвюх краін Ліянэль Месі і Джанлуіджы Буфон пасадзілі ў той день аліўкавае дрэва, якое і стала сімвалам міжнароднай сеткі школ. Ліянэль Месі і Джанлуіджы Буфон перадаюць аліўкавае дрэва Пантыфіку. Афіцыйна «Scholas occurrentes» мае статут Міжнароднай арганізацыі Пантыфікальнага права, бо атрымала афіцыйную падтрымку Святога Пасаду. Зараз арганізацыя існуе ў 82 краінах і аб'ядноўвае больш за 400 тысяч розных навучальных устаноў. Аляксандр Гелагаеў паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё і Scholasoccurrentes.org |