Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Пакістане выдадзены катэхізіс на мове урду
10.03.2016 09:12

Праз 13 гадоў інтэнсіўнай працы быў перакладзены на мову урду катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Яго пераклад зацверджаны Апостальскай Сталіцай і апублікаваны ў Пакістане.

Пра гэта са спасылкай на кс. Роберта МакКулаха, які на працягу 34 гадоў працаваў у гэтай краіне і прычыніўся да перакладчыцкай працы, паведамляе каталіцкая служба навін KAI.

Місіянер з супольнасці св. Калубана кс. Роберт перакладаў катэхізіс разам з Эмануэлем Нэно, свецкім сакратаром камісіі катэхізацыі епіскапату Пакістана. Місіянер падкрэслівае, што гэта была вельмі складаная праца, таму што перакладчыкі стараліся не ўжываць тэрмінаў, якія паходзяць з лацінскай мовы або іншых еўрапейскіх моў:

«Мы стварылі новыя словы ў мове урду, напрыклад, для перакладу паняцця пераўтварэння».

Арцыбіскуп пакістанскага горада Лахор падкрэсліў, што катэхізіс будзе імпульсам для аднаўлення катэхізацыі ў Пакістане, «надзеяй, якая будзе дапамагаць узрастаць у святасці, а ў Год Міласэрнасці стане праўдзівай справай міласэрнасці для каталіцкай супольнасці» ў гэтай краіне.

Катэхізіс стане дапаможнай сілай не толькі ў душпастырстве, але і ў міжрэлігійным дыялогу, паколькі шмат мусульманскіх лідараў карыстаецца ім, каб лепш спазнаць хрысціянства і навучанне Каталіцкага Касцёла. Выхад катэхізіса ў свет быў прафінансаваны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Італіі і Таварыствам дапамогі Касцёлу ў патрэбе.

(IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.