Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Канадскія арцыбіскупы заклікаюць да змагання з эўтаназіяй
10.03.2016 10:37

Пастырскія лісты іерархаў Канады падкрэсліваюць несумяшчальнасць медыцынскай працы з эўтаназіяй і дапамогай пры самазабойствах.

Арцыбіскуп Таронта кардынал Томас Колінз і арцыбіскуп Атавы Тэрэнс Прэндэргаст звярнуліся да канадцаў з такімі словамі: «Медыкі ў нашай краіне, якія прысвяцілі сваё жыццё лячэнню пацыентаў, хутка будуць абавязаны рабіць адваротнае. Іх не будуць прасіць змякчыць пакуты праз лекі і апеку, іх будуць прасіць зрабіць забойства. Фактычна забойства пацыента больш не будзе лічыцца злачынствам, а будзе адным з відаў "медыцынскай дапамогі"».

Іерархі кажуць пра нядаўнія рэкамендацыі камітэта па медыцыне парламента Канады, якія адкрываюць магчымасць для эўтаназіі непаўналетніх і рэкамендуюць забойства некаторых псіхічна хворых.

Камітэт таксама прапануе, каб урачы, якія адмаўляюцца забіваць сваіх пацыентаў, самі шукалі тых, хто зробіць гэта за іх.

Хворая на лейкемію канадcкая дзяўчына Надзін і яе маці выступаюць супраць эўтаназіі

«Размаўляйце са сваімі сябрамі і калегамі пра цяжкую пагрозу для чалавечай годнасці і для жыцця, якую нясуць самазабойства і эўтаназія нашым найбольш слабым суседзям. Распавядайце вашым дзецям, унукам, сябрам і знаёмым пра важнасць павагі да чалавечага жыцця з зачацця да натуральнай смерці», — кажуць арцыбіскупы.

Арцыбіскуп Тэрэнс Прэндэргаст адзначыў, што тыя, хто запланаваў самазабойства, не атрымаюць сакрамэнт намашчэння хворых. Святар можа прыйсці, каб адгаварыць такога чалавека ад самазабойства і маліцца за яго.

Аляксандр Гелагаеў паводле Catholicherald.co.uk

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.