Група вядомых праваслаўных хрысціян свету апублікавала заяву аб жахлівай праўдзе пра львоўскі псеўдасабор 1946 года, які дазволіў сталінскаму рэжыму ліквідаваць Украінскую Грэка-Каталіцкую Царкву.
«10 сакавіка 1946 года ў Львове Руская Праваслаўная Царква гвалтоўна ўключыла ў свой склад Украінскую Грэка-Каталіцкую Царкву пад ціскам савецкай улады. У той час, калі ўдзельнікі сабора галасавалі 8 і 9 сакавіка за "уз'яднанне" сваёй Царквы з Маскоўскім Патрыярхатам, усе ўкраінскія грэка-каталіцкія біскупы знаходзіліся ў турме... Сур'ёзныя гісторыкі і багасловы ніякім чынам не сумняюцца, што львоўскі сабор быў толькі вонкава падобны да сапраўднага сабора», — гаворыцца ў заяве. «Руская Праваслаўная Царква ў сваёй паўнаце не можа лічыцца адказнай за рашэнні, прынятыя царкоўным свяшчэннаначаллем, што знаходзіліся пад ціскам тэрору і маніпулявання з боку НКУС-КДБ. Аднак мы, праваслаўныя хрысціяне, адчуваем сябе адказнымі за злачыннае маўчанне вакол знішчэння гэтай Царквы савецкім рэжымам пры ўдзеле Маскоўскага Патрыярхату», — напісалі праваслаўныя інтэлектуалы з Беларусі, Расіі, Украіны, Францыі, Галандыі і ЗША.
«Нам вядома, што мільёны праваслаўных хрысціян усяго свету шчыра асуджаюць антырэлігійны пераслед, які праводзіўся савецкім урадам і Іосіфам Джугашвілі ў прыватнасці... Мы пакорліва просім прабачэння за ўсе несправядлівасці, ахвярамі якіх сталі грэка-католікі пад прыкрыццём аўтарытэту Праваслаўнай Царквы, і схіляем нашы галовы перад мучанікамі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы», — гаворыцца ў заяве.
Аўтары адзначылі, што 10 сакавіка, дзень, калі 70 гадоў таму Руская Праваслаўная Царква гвалтоўна ўключыла Украінскую Грэка-Каталіцкую Царкву ў сваё лона пад ціскам савецкай улады, праваслаўныя хрысціяне ў свеце будуць маліцца за ўсіх нявінных ахвяр, якія ў выніку гэтага акту былі заключаны ў турмы, «якіх катавала, ссылала і забівала савецкая ўлада пры папушчальніцтве Маскоўскага Патрыярхату».
Грэка-Каталіцкую Царкву ў Беларусі амаль цалкам знішчылі расійскія царскія ўлады ў 1837-1839 гадах, аднак з пачатку ХХ стагоддзя яна пачала адраджацца ў Беларусі і сярод беларусаў-эмігрантаў.
Аляксандр Гелагаеў паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, gefter.ru
|