Амерыканскія хрысціяне папулярызуюць новую форму «кааператыўнай» аплаты медыцынскіх паслуг |
11.03.2016 12:50 |
Калі Крыс Дойл даведаўся, што ў наступным годзе яму трэба будзе заплаціць за медыцынскую страхоўку $10 тысяч, ён памаліўся разам з жонкай, а потым цалкам адмовіўся ад паслуг страхавой кампаніі. Разам з сям'ёй ён далучыўся да адной з хрысціянскіх арганізацый, сябры якіх проста разам збіраюць адзін для аднаго грошы ў выпадку патрэбы аплаціць медыцынскую дапамогу. Папулярнасць такіх «кааператываў» вырасла ў ЗША ў апошнія гады, таму што заканадаўства краіны не карае ўдзельнікаў такіх арганізацый за адсутнасць абавязковай медыцынскай страхоўкі. Працуюць яны такім чынам. Напрыклад, Samaritan Ministries International, да якой далучылася сям'я Дойл, стварае групу з многіх сем'яў. Потым, калі каму-небудзь з гэтай групы сем'яў трэба аплаціць лячэнне, гэтыя сем'і наўпрост адсылаюць патрабуючым пэўную колькасць грошай, часта з асабістымі лістамі падтрымкі і малітвы, а часам і з малюнкамі, калі захварэў нехта з дзяцей. Такія аб'яднанні хрысціян — не страхавыя кампаніі, таму яны не гарантуюць поўнай аплаты медыцынскіх паслуг, толькі пасільную дапамогу і малітву. Удзельнікі разглядаюць такія арганізацыі як адзін за спосабаў дапамагаць бліжнім. «Наш адзіны актыў — добрая воля і справы нашых сяброў», — кажа Джэймс Лансберы, віцэ-прэзідэнт Samaritan Ministries International (Самарытанскае Міжнароднае Служэнне). Іншыя «хрысціянскія кааператывы» працуюць іншым шляхам — збіраюць кожны месяц складкі, з якіх потым аплачваюцца медыцынскія паслугі ўдзельнікаў. Фінансавыя абмежаванні часта не дазваляюць такім арганізацыям аплачваць псіхалагічную дапамогу, прафілактычнае лячэнне, а таксама лячэнне хваробаў, якія з'явіліся ва ўдзельнікаў перад іх далучэннем да «кааператыву». Таксама часта не аплачваюцца хваробы і траўмы, атрыманыя ў выніку нехрысціянскіх паводзін — напрыклад, венерычныя захворванні ў выніку сувязяў за межамі шлюбу, ці наступствы кіравання аўтамабілем у нецвярозым стане. Кайл Бёркхолдэр з дачкой Бэлай. Аднак пры гэтых абмежаваннях сяброўства ў «кааператывах» вырасла за апошнія 6 гадоў з 200 тысяч да 535 тысяч чалавек, паведамляе Альянс медыцынскіх кааператыўных служэнняў (Alliance of Health Care Sharing Ministries). Гэты рост перш за ўсё быў дасягнуты за кошт перадачы інфармацыі праз хрысціянскія супольнасці, школы, праз абмен навінамі паміж суседзямі і калегамі. Стэфані Бёркхолдэр распавядае, што яна вельмі хвалявалася, калі з мужам Кайлам чакала дапамогі пры аплаце рахунка на $6500 за хірургію вушнога канала сваёй дачцэ Бэле. «Потым грошы пачалі прыходзіць, разам з запіскамі ад рукі, кожны дзень адна, дзве, тры, дачка чытала іх услых, і я зразумела, што плачу», — кажа яна. «Ёсць штосьці незвычайнае ў тым, каб адсылаць грошы камусьці, хто сапраўды мае ў гэтым патрэбу. Я адчуваю, што гэта любоў да іншага чалавека, а не проста плата», — кажа жонка Крыса Дойла Сара. Nytimes.com (АлГ) |