Біскуп з прадпрымальніцкай хваткай прапануе іерархам падвучыцца ў авіякампаній і карпарацый |
11.03.2016 15:26 |
У канцы 2013 года кс. Фрэнк Каджыяна стаў біскупам Брыджпорта ў штаце Канэкцікут і атрымаў у спадчыну ад папярэднікаў амаль $22 мільёна даўгоў. Тым, якімі спосабамі зараз паляпшаецца фінансавы стан дыяцэзіі, зацікавіўся часопіс Forbes. «Перш за ўсё нам трэба было зноў наблізіцца да людзей... У нас толькі 20 працэнтаў ахрышчаных католікаў прыходзяць на звычайныя службы», — распавёў іерарх, нашчадак італьянскіх эмігрантаў, аўтарытэтнаму бізнес-выданню. «Па-другое, трэба было ўдасканаліць метады кіраўніцтва. Я маю на ўвазе пробашчаў, святароў і дыяканаў, адміністратараў каталіцкіх школ і апякунскія рады. Я адчуваў, што ім цяжка даюцца змены, выйсце за межы старога мыслення і за межы сваёй парафіі», — сказаў 56-гадовы біскуп. «Па-трэцяе, трэба каб свецкія лідары дыяцэзіі, некаторыя з якіх кіруюць буйнейшымі карпарацыямі, дапамаглі ў вырашэнні фінансавых складанасцяў, скарысталі ў інтарэсах дыяцэзіі найлепшыя метады бізнесу ў падборы патрэбных людзей, сферы камунікацый, тэхналогій, сацыяльных медыя», — працягнуў іерарх. Дыяцэзія пачала раз у год праводзіць збор сродкаў на ўтрыманне дыяцэзіяльных структур і каталіцкіх школ, якія патрабуюць найбольшага фінансавання і з'яўляюцца галоўнай прычынай запазычанасці. Прыкладна 15 працэнтаў ахвяраванняў, якія ў парафіях збіраюцца па нядзелях, таксама ідзе на змаганне з дэфіцытам. У мінулым годзе гэта дало $6,3 мільёна. «Мы можам вучыцца ў карпарацый, трэба быць адкрытымі, празрыстымі і фінансава адказнымі... Вучыцца, якім чынам праводзіць аўдыт, публікаваць фінансавыя паказчыкі, атрымліваць кансультацыі ад нашых свецкіх лідараў. Нам трэба сабраць і апублікаваць усе дадзеныя па кожнай парафіі, ставіць канкрэтныя мэты і адказваць за дасягненне гэтых мэтаў», — лічыць біскуп. У верасні 2015 года дыяцэзія сабрала мясцовы Сінод, на якім прысутнічалі духоўныя і свецкія лідары кожнай парафіі, кожнай школы і манаскай супольнасці — усяго 400 чалавек, якія абмяркоўвалі разам, як вырашаць праблемы дыяцэзіі. «Перш за ўсё — евангелізацыя. Мы хочам, каб людзі, якія прыходзяць у Касцёл, разглядалі яго як агульную справу, дзе кожны працуе для дабра ўсіх. Мы таксама ствараем інстытут лідарства, у якім духоўныя і свецкія асобы змогуць атрымаць найлепшую падрыхтоўку ў сферах сувязяў з грамадскасцю, бізнесу, медыя. Думаю, за гэта трэба плаціць, і гэта акупіцца... Аднак вельмі многія католікі гатовы вучыць і бясплатна», — кажа біскуп Фрэнк Каджыяна. Вяртаючыся да праблемы запазычанасці дыяцэзіяльных школ, іерарх адзначае, што ім трэба стаць фінансава самастойнымі. «Калі я хадзіў у школу, бацькі за вучня плацілі $20 у месяц... Настаўнікі былі духоўнымі асобамі і зарплату не атрымлівалі. Цяпер 85 працэнтаў бюджэту школы — заробкі настаўнікаў. У нас зараз добрыя свецкія настаўнікі, і ім трэба плаціць за іх працу. І зараз за вучня ў пачатковай школе плацяць $6 тысяч у год. Улічваючы, што сярэдняя каталіцкая сям'я мае больш за адно дзіця, гэта робіцца вялікай праблемай для сямейнага бюджэту», — распавядае іерарх. У выніку многія месцы ў каталіцкіх школах не занятыя, але гэта мала ўплывае на выдаткі. Для вырашэння праблемы біскуп заклікае звярнуцца да досведу... авіякампаній-дыскаўнтэраў: «Я называю гэта досведам кампаніі JetBlue. Ад часу заснавання яе бізнес-мадэль прадугледжвала запаўненне кожнага месца ў кожным самалёце, што рабілася праз вялікія зніжкі... Нам патрэбная мадэль, дзе бацькі плацяць за дзяцей столькі, колькі могуць, у залежнасці ад даходу... Кожнае занятае месца ў нашых школах — гэта прыбытак, кожнае пустое — страта». Кампанія JetBlue была заснавана ў 1998 годзе, а зараз у яе 216 самалётаў — больш, чым у расійскага «Аэрафлота». Forbes.com (АлГ) |