ААН распавяла пра пераслед вернікаў у Крыме і Данбасе і праблемы ў сферы рэлігійнай свабоды ва Украіне |
15.03.2016 08:57 |
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) апублікавала свой даклад па Украіне, які ахоплівае перыяд з 16 лістапада 2015 года па 15 лютага 2016 года. Часткі даклада, прысвечаныя пытанням рэлігійнай свабоды і верацярпімасці, уваходзяць у супярэчнасць з інтэрпрэтацыяй даклада з боку Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату (УПЦ (МП)), як паведамляе карэспандэнт партала «Рэлігія ва Украіне». Афіцыйны сайт УПЦ МП 11 сакавіка апублікаваў навіну «ААН заяўляе аб парушэнні правоў вернікаў у заходніх абласцях Украіны». У ёй даклад, як заўважаецца, прадстаўлены як падтрымка вернікаў выключна УПЦ (МП), у якой «прадстаўнікі «Кіеўскага патрыярхату» неаднаразова рабілі спробы сілавога захопу храмаў» у Цярнопальскай і Ровенскай абласцях. Між тым у арыгінале даклада (пункты 119-126) не вылучаецца якая-небудзь асабліва пацярпелая канфесія ў названых абласцях. Наадварот, паказваецца, што абедзве канфесіі — УПЦ Кіеўскага і Маскоўскага Патрыярхатаў — лічаць сябе ўшчэмленымі: «некаторыя людзі хочуць далучыцца да УПЦ КП, іншыя жадаюць застацца з УПЦ МП, гэта выклікае напружанасць, асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе, як правіла, толькі адна царква». «Некаторыя вернікі і прадстаўнікі духавенства абедзвюх канфесій паведамілі УВКПЧ сваю заклапочанасць з нагоды дыскрымінацыі і выкарыстання грэблівых і распальваючых слоў, накіраваных да іх з-за іх прыналежнасці да любой з УПЦ МП або УПЦ КП», — гаворыцца ў дакладзе ААН. У тэксце згадваецца «пра пагрозы фізічнага насілля ці прымусу» з мэтай змяніць іх вернасць сваім канфесіям. У сувязі з гэтым УВКПЧ заклікае ўрад Украіны забяспечыць вернікам належнае права вызнаваць сваю рэлігію. Больш за тое, у дакладзе паведамляецца аб пераследзе іншых канфесій, у тым ліку ў Крыме, у так званых «ДНР» і «ЛНР», пра што маўчыць сайт УПЦ МП. Так, у 122-м пункце даклада распавядаецца пра пераследы і выкраданні ўзброенымі групамі ў самаабвешчаных рэспубліках Сведкаў Іеговы, пра спробы згарнуць дзейнасць Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы (УГКЦ) у Данецку, пра «намеры "змагацца з сектамі"». Даклад адзначае парушэнне правоў вернікаў у Крыме (пункты 193-194). Канстатуецца, што да 1 студзеня 2016 г. (апошні тэрмін, адведзены Расіяй для рэгістрацыі рэлігійных арганізацый паўвострава) тут зарэгістравана амаль у тры разы менш рэлігійных абшчын з прызнаных у адпаведнасці з заканадаўствам Украіны. УВКПЧ лічыць, што «строгія прававыя патрабаванні» Расіі маюць на мэце прадухіліць ці ўскладніць перарэгістрацыю многіх рэлігійных супольнасцяў Крыма. У гэтай якасці называецца УПЦ Кіеўскага Патрыярхату, якая не атрымала ў Крыме ніякага юрыдычнага статусу ад РФ і «знаходзіцца пад ціскам» з боку мясцовых уладаў. У прыватнасці, гэта «прывяло да захопу і закрыцця» шэрагу яе святыняў. Паказваецца таксама, што з 1 чэрвеня 2014 г. «была захоплена царква ў Перавальным так званымі "казакамі"», а «пазней святары Маскоўскага Патрыярхату пачалі праводзіць там службы». Згодна з дакладам, крымскія татары, якія ўдзельнічаюць у дэманстрацыях, падвяргаюцца пераследу, а крымскія татары ў цэлым — арыштам за меркаваны ўдзел у «тэрарыстычных» арганізацыях. Значным і трывожным крокам стала падача расійскім пракурорам Крыма ў вярхоўны суд Крыма 15 лютага іскавай заявы з просьбай прызнаць Меджліс — орган самакіравання крымскіх татар — экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніць яго дзейнасць. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Зейд Раад аль-Хусэйн заклікаў усе бакі, ад якіх залежыць выкананне правоў вернікаў ва Украіне і на некантраляваных ёю тэрыторыях, зрабіць захады па выпраўленні сітуацыі. Таксама ён адзначыў: «Поўная рэалізацыя Мінскіх пагадненняў застаецца адзінай рэальнай стратэгіяй для дасягнення мірнага рашэння ў некаторых раёнах усходняй Украіны, якія кантралююцца ўзброенымі групамі, што, у сваю чаргу, з'яўляецца ключавым для ўрэгулявання крызісу ў сферы правоў чалавека ва Украіне. Гэта ўключае ў сябе аднаўленне эфектыўнага кантролю Урада Украіны над мяжой з Расійскай Федэрацыяй, вывад замежных баевікоў, наймітаў і ваеннай тэхнікі». (AYU), паводле risu.org.ua. |