Апошні мексіканскі «салдат Хрыста» памёр ва ўзросце 103 гадоў |
14.03.2016 15:54 |
Хуан Даніэль Маціас Вільегас, апошні вядомы ўдзельнік вайны за правы Касцёла ў Мексіцы, памёр ва ўзросце 103 гадоў. Ушанаваць яго памяць сабраліся шматлікія вернікі і нашчадкі. Дзеці, унукі, праўнукі і прапраўнукі, а таксама многія звычайныя католікі прайшлі каля трох кіламетраў да могілак, на якіх мясцовыя актывісты ўшаноўваюць ветэранаў вайны. Хуан Вільегас нарадзіўся 21 ліпеня 1912 года, а ўзяў зброю ў рукі, каб абараніць Касцёл у 13 гадоў. Хлопец удзельнічаў у шматлікіх баях, а потым ажаніўся і жыў на вёсцы, захаваўшы вернасць юнацкім ідэалам. У пачатку ХХ стагоддзя ўрад Мексікі пад кіраўніцтвам ваяўнічага атэіста і масона прэзідэнта Плутарко Кальеса пачаў кампанію пераследу Касцёла. Забараняліся касцёльныя працэсіі, знішчаліся касцёльныя школы, зачыняліся касцёлы. Святароў і вернікаў збівалі, арыштоўвалі, а часам і забівалі. У 1925 годзе гэтыя падзеі выклікалі рэакцыю Святога Айца Пія ХІ, які ў энцыкліцы «Quas primas» заявіў, што Касцёл не можа падпарадкоўвацца ніякай знешней уладзе. Каб нагадаць усяму свету, што ніякая зямная ўлада не ёсць вышэйшай для чалавека, Папа ўстанавіў урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Аднак антыкасцёльныя рэпрэсіі ў Мексіцы толькі павялічыліся, і тысячы вернікаў былі вымушаны ўзяцца за зброю. Баявым клічам паўстанцаў сталі словы: «Няхай жыве Кароль Хрыстус!» («Viva Cristo Rey!») Гэты вокліч і даў назву паўстанцкаму руху — іх сталі называць «крыстэрос» («хрыстоўцы»). Аляксандр Гелагаеў паводле Еwtnnews.com |