Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сістэматычная барацьба Касцёла з сексуальнымі злоўжываннямі працягваецца
15.03.2016 10:06

Барацьба Касцёла з сексуальнымі злоўжываннямі духавенства і касцёльных супрацоўнікаў працягваецца, і многае ўжо зроблена ў гэтай галіне, сказаў Мітрапаліт Мальты ў інтэрв’ю для «Vatican Insider».

Арцыбіскуп Чарльз Шыклуна займаўся гэтымі пытаннямі яшчэ падчас пантыфікату Яна Паўла II як супрацоўнік Кангрэгацыі Веравучэння, якую ўзначальваў тады кардынал Ёзaф Ратцынгер, і падчас усяго пантыфікату Бэнэдыкта XVI. У цяперашні час іерарх узначальвае ў гэтай дыкастэрыі адмысловую калегію, якая разглядае апеляцыі ў справах адносна злачынстваў, разгляд якіх зарэзерваваны Апостальскай Сталіцай.

Мальтыйскі іерарх падкрэсліў, што Папа Францішак працягвае лінію свайго папярэдніка і інтэрпрэтуе гэта тэалагічна, прыраўноўваючы злоўжыванні адносна непаўналетніх да прафанацыі Эўхарыстыі або да сатанізму. Папа Францішак рэзка выказваецца пра біскупаў, якія пераносяць святароў, замяшаных у такога роду злачынствах, з парафіі ў парафію. Гэтая практыка з’яўляецца вынікам няправільнага меркавання, што асоба ў іншым асяроддзі зменіцца; але цяпер Касцёл ўжо не дазваляе гэтага, падкрэсліў арцыбіскуп Шыклуна.

Іерарх нагадаў, што вядомы фільм «У цэнтры ўвагі» (Spotlight) паказвае сітуацыю 2002 года, калі ў Касцёле толькі пачыналася завастрэнне адпаведнага заканадаўства. З таго часу прайшло 14 гадоў, і ў Касцёле былі прадпрыняты беспрэцэдэнтныя меры для абароны непаўналетніх. Біскупы абавязаны паводле кананічнага права паведамляць пра такія выпадкі грамадзянскім уладам (напрыклад, у англасаксонскіх краінах, дзе закон гэтага патрабуе) або заахвоціць да гэтага ахвяр злоўжыванняў. У любым выпадку, яны абавязаны супрацоўнічаць з уладамі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.