Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША назвала генацыдам хрысціян падзеі на Блізкім Усходзе |
16.03.2016 11:02 |
Злачынствы супраць хрысціян, езідаў, туркмен і іншых рэлігійных і этнічных меншасцяў на Блізкім Усходзе з'яўляюцца актамі генацыду. Такое вызначэнне далі дэпутаты ніжняй палаты амерыканскага парламента. «На Блізкім Усходзе адбываюцца не толькі велізарныя несправядлівасці ў адносінах да тых, хто мае такое ж права жыць на сваёй старажытнай зямлі, як і астатнія, але і існуе пагроза для самой цывілізацыі», — адзначыў прадстаўнік Рэспубліканскай партыі Джэф Фортэнберы. «Ісламісты, група варвараў са зброяй ХХІ стагоддзя, намагаюцца сістэматычна знішчаць іншых людзей толькі за іх веру, парушаюць права на індывідуальнасць, свабоду думаць, падрываюць усю сістэму міжнароднага парадку», — дадаў ён. Дэпутаты і амерыканскія каталіцкія біскупы заклікаюць Дзяржаўны дэпартамент (міністэрства замежных спраў) ЗША афіцыйна назваць сітуацыю на Блізкім Усходзе генацыдам. Гэты тэрмін мае вялікае маральнае значэнне і можа прымусіць да дзеянняў Раду бяспекі ААН. Catholicnewsagency.com (АлГ) |