Гiстарычны «Марш за жыццё» ў Перу сабраў каля 750 тысяч удзельнікаў |
16.03.2016 11:26 |
750 тысяч удзельнікаў «Марша за жыццё» прайшлі па вуліцах сталіцы Перу ў абарону жыцця кожнага чалавека ад зачацця да натуральнай смерці. Варта адзначыць, што ў Перу права на жыццё ад зачацця абаронена Канстытуцыяй гэтай краiны, Грамадзянскім кодэксам, Кодэксам законаў аб дзецях і падлетках, а таксама Амерыканскай канвенцыяй аб правах чалавека. Штогод 25 сакавiка ў Перу адзначаецца Дзень дзіцяцi ва ўлонні маці. У шматтысячнай дэманстрацыi прынялi ўдзел каталiцкiя вернiкi, прадстаўнiкi архідыяцэзіі ў Лiме, хрысціяне розных канфесій, а таксама моладзь, цяжарныя жанчыны, сем’i з дзецьмi, пажылыя людзі i iнвалiды, каб падкрэслiць значэнне недатыкальнасцi жыцця кожнага чалавека i недапушчальнасць абортаў. Арцыбіскуп Лiмы i Прымас Перу кардынал Хуан Луіс Сiпрыанi перадаў прывітанне і благаслаўленне Папы Францiшка ўдзельнiкам iнiцыятывы «Марш за жыццё», а таксама адзначыў, што «ўсе мы нясём мiр, талерантнасць i хочам, каб кожны чалавек меў права на свабоду перакананняў i iх свабоднае выражэнне». «Таму сёння такiм чынам мы выказалі нашу пазiцыю. У ліку ўдзельнікаў таксама і моладзь, якая дае нам вялікую надзею. Насамрэч вы можаце змянiць шмат», — падкрэслiў кардынал Сiпрыанi, звяртаючыся да ўдзельнікаў шматтысячнай дэманстрацыi. |