У Ерузалеме адкрыўся музей гісторыі хрысціянства «Terra Sanctum» |
17.03.2016 10:08 |
У бліжэйшы час чакаецца адкрыццё яшчэ дзвюх секцый музейнага комплекса ў Ерузалеме. Першая секцыя музея Святой Зямлі ў Ерузалеме адкрываецца 17 сакавіка. Пра гэта паведамляе партал Asianews. Мультымедыйная экспазіцыя будзе распавядаць турыстам пра гісторыю горада. Секцыя «Via Dolorosa» названа ў гонар Крыжовага шляху Збаўцы. Музей размешчаны ў францішканскім кляштары Бічавання ў мусульманскім квартале Старога горада на тым месцы, дзе, паводле падання, рымскія салдаты бічавалі Езуса Хрыста. Месца бічавання — другі прыпынак на Крыжовым шляху да Галготы. Музейны комплекс размяшчаецца на плошчы 2 тыс. кв. м. Францішканскі кустодый Святой Зямлі а. П'ербатыста Піцабала, які з'яўляецца адным з каардынатараў праекта, распавёў, што ў сувязі з паслабленнем хрысціянства ў Еўропе паўстала неабходнасць задумацца пра яго вытокі.
Факты гісторыі, у тым ліку гісторыя Ізраэля, будуць пададзены ў «пазітыўным ключы, без правакацый», з разлікам на тое, што музей стане месцам сустрэчы для прадстаўнікоў розных рэлігій, як растлумачыў а. Піцабала. Музей таксама раскажа пра гісторыю францішканскай кустодыі Святой Зямлі з часу Крыжовых паходаў да сучаснасці. Відэаінсталяцыя дэманструе наведвальнікам археалагічныя знаходкі, рэліквіі, пачынаючы з часоў праўлення Ірада да эпохі цара Адрыяна. Выстава абсталявана вялікай картай — экранам з указаннем гістарычных месцаў Ерузалема, па якіх праходзіць віртуальны тур па розных эпохах. Завяршаецца відэаінсталяцыя малітвай старажытных пілігрымаў на васьмі мовах: рускай, арабскай, іўрыце, італьянскай, іспанскай, французскай, партугальскай і англійскай. У бліжэйшы час чакаецца адкрыццё яшчэ дзвюх секцый: у кляштары Бічавання і ў кляштары Збаўцы. (AYU) |