У Кіеве адбудзецца прэм’ера фільма пра адраджэнне Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы |
17.03.2016 11:18 |
У Кіеве 18 сакавіка адбудзецца прэм’ера фільма «Тыя, што верныя», у якім
распавядаецца пра выйсце Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы (УГКЦ) з
падполля. Фільм «Тыя, што верныя» — гісторыя пра забарону і аднаўленне легальнай дзейнасці найбольш пераследаванай Царквы ХХ стагоддзя. Пасля гвалтоўнай ліквідацыі ў 1946 годзе вернікі УГКЦ на працягу 43 гадоў зберагалі сваю веру ў падполлі. Падполле перажыло Сталіна, Хрушчова і Брэжнева, каб адрадзіцца ў 1989 годзе.
Героі стужкі, якія здзейснілі выйсце УГКЦ з падполля, жывуць ва Украіне і Расіі, іх лёсы цесна пераплецены з гісторыяй Царквы і эпохі. Рэжысёрам фільма з’яўляецца Валянцін Дзегцярэнка, які ў 2015 годзе прадставіў фільм «Капеланы». Фільм «Тыя, што верныя» будзе паказаны ў Арт-галерэі Украінскага дома на вуліцы Хрэшчатык у Кіеве, дзе ўжо працуе выстава «Да святла Уваскрасення праз церні катакомбаў». Гэтая выстава распавядае пра гісторыю падполля УГКЦ, і ў дзень прэм’еры фільма адбудзецца яе ўрачыстае закрыццё. Трэйлер да фільма «Тыя, што верныя» У дыскусіі, якая адбудзецца пасля паказу, прымуць удзел аўтары стужкі, а таксама кіраўнік УГКЦ архіепіскап Святаслаў Шаўчук, прарэктар Украінскага каталіцкага ўніверсітэта Алег Турый, старшыня Украінскага інстытута нацыянальнай памяці Уладзімір Вятровіч. Паводле risu.org.ua, (AYU) |