ЗША: каля 2 тысяч католікаў сабрала каля абартарыя «Planned parenthood» эўхарыстычная працэсія |
18.03.2016 09:45 |
Арцыбiскуп Дэнвера (ЗША) мансеньёр Самуэль Акіла ўзначалiў эўхарыстычную працэсію ля цэнтра планавання сям’і «Planned Parenthood» (некамерцыйны медыцынскі цэнтр у штаце Каларада, якi займаецца, у прыватнасці, штучным перапыненнем цяжарнасці, — заўв. перакладчыка). «Гэта быў сапраўдны момант ласкі, час благаслаўлення, каб памалiцца аб навяртаннi сэрцаў», — сказаў арцыпастыр. На заклік Дэнверскай архідыяцэзіі адгукнулiся і прынялі ўдзел у працэсii амаль дзве тысячы вернiкаў. Арцыбiскуп акцэнтаваў увагу на тым, што нельга ні ў якім выпадку заклiкаць i маніфеставаць у знак пратэсту. «Толькi малітоўнае сведчанне любові і ласкі Божай мiласэрнасцi», — сказаў іерарх. «Шчыра кажучы, мы не чакалi такога масавага водгуку. Але прыйшло ў тры разы больш людзей, чым планавалася. Было выключна важна, каб усе, хто хацеў прыняць удзел у працэсii, маглi гэта зрабіць. Разам з тым, мы не хацелі даваць ніякіх падставаў для паліцыі адмяніць мерапрыемства», — паведамiла Карна Свэнсан, дырэктар па камунікацыі ў архідыяцэзіі. Яна адзначыла, што, нягледзячы на працяглую працэсію на вуліцы, мясцовыя паліцэйскія пераканаліся, што гэта не перашкаджае дарожнаму руху транспартных сродкаў. У шэсці ўдзельнічалі сем’i з дзецьмi, святары, семiнарысты, а таксама прадстаўнікi розных малітоўных груп і рухаў. «Мы прыйшлі сюды, каб абараніць ненароджаных дзяцей, якiя нявiнна гінуць кожны дзень, і маліцца за тых жанчын, якія збiраюцца спынiць цяжарнасць, каб яны выбралi іншы шлях i адмовiлiся ад аборту», — распавёў Хаiмэ Мартынес, бацька шматдзетнай сям’i, неабыякавы да жыцця ненароджаных дзяцей. |