Амерыканскія католікі згадваюць перад прэзідэнцкімі выбарамі вучэнне Касцёла пра палітычнае жыццё |
18.03.2016 14:03 |
Яшчэ ў 2007 годзе Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў ЗША прыняла дакумент
«Фармацыя свядомасці верніка-грамадзяніна». У ім іерархі не дыктуюць, за
якую партыю ці кандыдата католік павінен галасаваць, аднак агучваюць
прынцыпы, якімі вернік павінен кіравацца пры выбары. Зараз Рэспубліканская партыя ЗША праводзіць праймерыз — выбары свайго кандыдата, які будзе потым спаборнічаць з кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі. Лідарам на рэспубліканскіх праймерыз зараз з'яўляецца мільярдэр Дональд Трамп, і многія католікі сумняюцца, што галасаванне за яго будзе разумным і маральным варыянтам. У пачатку сакавіка некалькі дзясяткаў каталіцкіх інтэлектуалаў назвалі Трампа «абсалютна непадыходзячым для пасады прэзідэнта Злучаных Штатаў». «Ягоная кампанія ўжо абваліла нашую палітыку на новыя глыбіні вульгарнасці. Звароты да расавых і этнічных страхаў і прадузятасцяў зневажаюць любыя сапраўды каталіцкія адчуванні. Ён абяцаў загадваць амерыканскім вайскоўцам катаваць падазраваных тэрарыстаў і забіваць сем'і тэрарыстаў, што супярэчыць прынцыпам Касцёла і зганьбіць нашу краіну», — гаворыцца ў звароце католікаў. «Нішто ў ягонай кампаніі ці папярэдняй гісторыі паводзінаў не дае прычын думаць, што ён сапраўды падзяляе нашу адданасць праву на жыццё, на свабоду рэлігіі і сумлення, што ён гатовы аднаўляць культуру шлюбу», — кажуць католікі з розных універсітэтаў і хрысціянскіх арганізацый. Прэтэнзіі да кандыдатаў ад Дэмакратычнай партыі не выказваліся, бо і так вядома, што Хілары Клінтан і Берні Сандэрс выступаюць супраць права на жыццё — падтрымліваюць аборты. У дакуменце «Фармацыя свядомасці верніка-грамадзяніна» амерыканскія біскупы пішуць, што права на жыццё — вызначальнае пытанне для выбаршчыка-католіка. Папа Ян Павел ІІ называў яго «першасным і самым сутнасным, перадумовай усіх астатніх правоў асобы». Іерархі Касцёла ў ЗША пішуць, што свядомае знішчэнне нявіннага жыцця «не проста адна з праблем сярод іншых»: «супраць гэтага трэба змагацца заўсёды». Галоўны канкурэнт Трампа сярод рэспубліканцаў — Тэд Круз. «Калі кандыдат падтрымлівае легальнасць абортаў ці эўтаназію, католік павінен цвёрда разумець, што гэта супярэчыць вучэнню Касцёла, і ён не павінен галасаваць за такога кандыдата», — адзначае прафесар тэалогіі Каталіцкага ўніверсітэта Амерыкі доктар Чад Пекнальд. Таксама іерархі звяртаюць увагу на іншыя пытанні: Кандыдаты ад Дэмакратычнай партыі — Берні Сандэрс і Хілары Клінтан. Католікі могуць мець розныя меркаванні наконт таго, якім чынам «больш эфектыўна змагацца з гэтымі і іншымі важнымі пагрозамі чалавечаму жыццю і годнасці», аднак вернікі павінны «сур'ёзна ставіцца да вучэння Касцёла ў гэтай сферы». У тым выпадку, калі ўсе наяўныя кандыдаты патрымліваюць пазіцыі, якія несумяшчальныя з вучэннем Касцёла, католік, згодна з «Фармацыяй свядомасці верніка-грамадзяніна», можа байкатаваць выбары ці вельмі сур'ёзна задумацца, які з кандыдатаў прынясе краіне менш шкоды. Аляксандр Гелагаеў паводле Catholicnewsagency.com, Usccb.org |