Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Аргенціне кананізуюць Хасэ Габрыэля Брачэра (айца Брачэра), праз заступніцтва якога было прызнана аздараўленне дзяўчынкі
22.03.2016 09:46

Прайшло два гады з таго часу, як Каміла Брузоццi пачала самастойна хадзіць, нягледзячы на самыя несуцяшальныя прагнозы ўрачоў пасля жорсткага збіцця і шматлікіх цяжкіх траўмаў, учыненых над дзяўчынкай уласнай мацi i айчымам.

Пра гэта паведамляе Aciprensa.com.

Аздараўленне 10-гадовай Камiлы з Аргенцiны адбылося праз заступніцтва благаслаўлёнага аргенцінскага святара i будучага святога, Хасэ Габрыэля Брачэра (айца Брачэра).

У вераснi 2014 медыцынская кансультацыя Кангрэгацыі па справах Кананізацыі прызнала цудам гэты выпадак аздараўлення i назвала яго невытлумачальным з навуковага пункту гледжання.

«Гэты цуд прывядзе да кананізацыі айца Брачэра», — з надзеяй казаў Рауль Рыас, дзядуля, якi з бязмежным даверам «аддаў сваю ўнучку ў рукi» благаслаўленага святара. Ужо праз два гады словы дзядулi Камiлы спраўдзiлiся. Зусiм нядаўна Ватыкан прызначыў дату кананізацыі айца Брачэра на 16 кастрычнiка 2016 г.

Аздараўленне Камiлы

25 кастрычнiка 2013 г. у Інтэгральным медыцынскiм цэнтры здароўя маці і дзіцяці Сан-Хуана мацi i айчым прывезлi параненую дзяўчынку i спрабавалі ўвесці ў зман медыцынскi персанал, сцвярджаючы, што тая «ўпала з каня». Але неўзабаве справа была аператыўна расследавана, i  злачынцам прад'явілі абвінавачванне ў замаху на забойства.

«Не хапала цемянной долі правага паўшар’я. Нават было бачна, як пульсаваў пад скурай галавы яе мозг», — з жахам успамiнае родны бацька дзяўчынкi Хаўер Брузоццi.

Аздараўленне Камiлы не было б магчыма, калi б не моцная вера яе дзядулi, якi са слязьмі ў вачах расказаў, што дзяўчынка «зусiм не адказвала, не бачыла, не чула, не размаўляла» і 15 дзён правяла ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі.

«Мяне тым часам ахапіў сапраўдны адчай, — успамінае ён. — Кожны дзень я ўставаў на досвітку, зачыняў дзверы i маліўся праз заступніцтва айца Брачэра. Я аддаў Камiлу ў ягоныя рукi i папрасiў, каб ён перадаў Камiлу ў рукi Найсвяцейшай Багародзiцы. Так я малiўся 18 дзён. Напрыканцы другой навэнны да святара Брачэра Камiлу нарэшце перавялi з рэанімацыі ў звычайную палату».

З таго часу Камiла раптоўна пайшла на папраўку, а ў снежні таго ж года дзяўчынку выпісалі з бальніцы.

Пераклад Кацярыны Сапожнiкавай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.