Іракскія семінарысты сталі дыяканамі і хочуць даць надзею людзям у лагерах уцекачоў ад ісламістаў |
22.03.2016 12:53 |
Пасля таго, як каталіцкая семінарыя ў горадзе Бахдзіда перастала дзейнічаць з-за акупацыі ісламістаў, чатыры семінарысты вырашылі не спыняць навучанне, а працягваць свой шлях да святарства. Цяпер, калі прайшло паўтара гады пасля масавага вымушанага сыходу ўсяго насельніцтва з-пад ісламісцкай акупацыі, хлопцы атрымалі дыяканскае пасвячэнне ў касцёле ў лагеры бежанцаў. «Людзі хочуць спадзявацца, і калі яны бачаць, што чатыры юнакі сталі дыяканамі, а праз некалькі месяцаў стануць прэзбітэрамі, гэта дае ім моц і надзею», — сказаў Рэмі Марзінэ Момікэ, адзін з маладых дыяканаў. Пасля эвакуацыі з горада семінарыстаў накіравалі на вучобу ў каталіцкую семінарыю ў Ліване, а потым яны вярнуліся на радзіму, дзе атрымалі пасвячэнне. «Мы хочам, каб наш народ ведаў, мы хочам сказаць усім, што ёсць моладзь, якая будзе святарамі», — дадае дыякан Рэмі Марзінэ Момікэ. Святар Джордж Ягола, які кіраваў фармацыяй маладых людзей перад іх пасвячэннем, лічыць, што падзея ўмацуе надзею і ва ўсім Касцёле, бо «ёсць пакліканні, моладзь, якая прысвячае сябе Касцёлу, каб служыць Божаму народу», і «гэта важна ў нашыя часы». Іракскія католікі моляцца ў лагеры бежанцаў. Перад ісламісцкай акупацыяй у жніўні 2014 года горад Бахдзіда меў пераважна хрысціянскае асірыйскае насельніцтва, якое размаўляе на неаарамейскай мове. Аляксандр Гелагаеў паводле Catholicnewsagency.com |