Каталіцкія біскупы Бельгіі заклікалі краіну да выканання грамадскага абавязку |
23.03.2016 11:01 |
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Бельгіі апублікавала заяву, у якой выказала свае думкі і эмоцыі ў сувязі з крывавымі тэрарыстычнымі актамі, якія адбыліся ў сталіцы краіны. Як мінімум 34 чалавекі загінулі ў Бруселі ў аўторак у выніку ісламісцкіх актаў насілля супраць цывільнага насельніцтва. У заяве гаворыцца: «Біскупы Бельгіі былі ўзрушаныя, калі даведаліся пра акты гвалту ў аэрапорце Завентэм і ў цэнтры Бруселя. Біскупы падзяляюць боль тысяч вандроўнікаў і іх сем'яў, супрацоўнікаў авіяцыйнай галіны і тых, хто першым прыйшоў на дапамогу. Біскупы ў гэтай новай драматычнай сітуацыі даручаюць ахвяр усеагульным малітвам. Капеланы аэрапорта на сваім месцы няспынна аказваюць патрэбную духоўную падтрымку. Няхай уся краіна жыве ў гэтыя дні з поўным адчуваннем грамадзянскай адказнасці». Бельгійская каталіцкая моладзь на сайце Канферэнцыі заклікала да агульнай малітвы за мір у свеце. Юнакі прапанавалі маліцца малітвай святога Францішка за ахвяраў і іх сем'і, ратавальныя і спецыяльныя службы, капеланаў, а таксама за тых, хто здзяйсняе акты супраць міру. Аляксандр Гелагаеў паводле англійскай рэдакцыі Ватыканскага радыё |