Каталіцкі капелан-дэсантнік паставіў рэкорд амерыканскай арміі па хуткасці бегу |
23.03.2016 14:05 |
Ксёндз Лука Віллеберг, які служыць капеланам ў 82-й парашутна-дэсантнай дывізіі ЗША, пабіў рэкорд хуткасці ўсёй амерыканскай арміі падчас маршу на 12 міль (больш за 21 км). Святар прабег марафонскую дыстанцыю ўсяго за адну гадзіну і 42 хвіліны. «Мяркую, Бог благаславіў мяне добрым здароўем і здольнасцю да бегу. Спадзяюся, што змагу натхніць некаторых сваіх парашутыстаў сваімі дасягненнямі», — кажа святар, які ў арміі мае ранг капітана. Для ксяндза Лукі пешы марш на 12 міль быў апошнім выпрабаваннем на трываласць пасля цяжкай 10-дзённай падрыхтоўкі ў прэстыжнай Дэсантна-штурмавой школе. Перад гэтым капелан дасканала авалодаў цэлым наборам навыкаў — ад пад'ёму і спуску па канаце з верталёта да медыцынскай падрыхтоўкі. «Я перакананы, што капеланы пакліканы быць лепшымі ў арміі па духоўнай трываласці, маральных паводзінах, фізічнай здольнасці, развіццю розуму, веданні тэхнікі. Такім чынам мы можам зрабіць веру прывабнай для тых, каму служым», — кажа святар. Ксёндз Лука Віллеберг нарадзіўся ў Польшчы, атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў ЗША ў 2008 годзе, а ў 2014 годзе стаў капеланам у амерыканскай арміі. Паспеў са сваімі салдатамі цэлы год праслужыць у вельмі небяспечным Афганістане і атрымаў медаль Бронзавай зоркі — адну з найбольш каштоўных у амерыканскай арміі. «Для мяне гэта служба Богу і людзям. Паважаць Бога і Ягоныя шляхі — значыць прапаноўваць мой сціплы і недастатковы, але, спадзяюся, пабожны прыклад маім парашутыстам у 82-й парашутна-дэсантнай дывізіі», — кажа капелан. «Кожны дзень я малюся і стараюся ісці па прыкладзе Хрыста, шукаючы шляхоў, каб любіць і служыць. З першага дня, калі я стаў лейтэнантам, я лічыў гэтую магчымасць сваім прывілеем і гонарам», — сказаў святар-афіцэр. Аляксандр Гелагаеў паводле Тhericatholic.com |