У Пакістане Вялікдзень аб’явілі выхадным днём для хрысціян |
24.03.2016 10:56 |
Нацыянальны сход Пакістана прыняў рэзалюцыю, якая дае хрысціянам магчымасць святкаваць Вялікдзень як выхадны дзень. Індуістам таксама дадзена магчымасць атрымаць выхадныя ў іх найважнейшыя святы Холі і Дзівалі. Рэзалюцыя падрыхтавана Ванквані Рамешам Кумара, прадстаўніком Асамблеі індуісцкай веры, як паведаміла інфармацыйнае агенцтва AsiaNews. У той час як некаторыя праваабаронцы рэлігійных меншасцяў ухвалілі згаданую ініцыятыву, іншыя паказваюць, што недастаткова прызнаць толькі некаторыя святы розных рэлігійных традыцый: павінны быць гарантаваны роўныя правы прадстаўнікам усіх рэлігій і прыняты канкрэтныя меры па абароне меншасцяў. Кашыф Аслэм, актывіст і каардынатар Нацыянальнай камісіі за справядлівасць і мір, сказаў: «Гэта — гістарычнае рашэнне ў плане прызнання меншасцяў як грамадзян Пакістана. Мы цэнім намаганні ўрада ў гэтых адносінах, накіраваныя на тое, каб гарантаваць раўнапраўе». Аднак ён дадаў: «Ёсць усё яшчэ шмат крокаў, якія павінны быць зроблены. Напрыклад, прапанова, прадстаўленая Хабазам Бхаці: замяніць словы "эсаі" і "масіхі", якімі пазначаюць хрысціян ва ўрадавых дакументах або школьных тэкстах». Мусульманін Хуснайн Джамал вылучае на першы план іншую праблему: «Урад вырашыў прадаставіць святы толькі для рэлігійных меншасцяў, у той час як астатняя частка мусульманскага насельніцтва павінна выходзіць на працу. Я думаю, што мусульманам трэба дазволіць святкаваць гэтыя святы, каб яны маглі радавацца і святкаваць разам з нашымі братамі і сёстрамі, якія належаць іншым рэлігійным меншасцям. Ісламабад павінен абвясціць гэтыя дні нацыянальнымі святамі для ўсіх». Нарэшце, каталіцкі святар Афтаб Джэймс Пол мяркуе, што ўрад «павінен засяродзіцца на абароне правоў»: «Мы ўжо святкуем Божае Нараджэнне і Вялікдзень у нашых святынях. У гэтым годзе Уваскрасенне Хрыста прыпадае на нацыянальнае свята Пакістана. Замест гэтага ўлады павінны гарантаваць права на адукацыю, свабоду практыкаваць рэлігію і на квоты для меншасцяў ва ўрадзе. Нарэшце, яны павінны выдаліць прадузятасць супраць меншасцяў са школьных падручнікаў». (AYU)
|