Крыжовы шлях у Крыме: праверана на сабе |
25.03.2016 09:36 |
Раніцай 19 сакавіка нашы парафіяне выехалі з Севастопаля ў Ялту, дзе і распачаўся Крыжовы шлях.
Наша сям’я (я, мой муж і сын) была ўпершыню на такім Крыжовым шляху. Мы не ведалі, што нас чакае ў гэтай дарозе. Але сама думка, што мы можам падняцца наверх і наблізіцца да Бога, памаліцца там каля крыжа, нас падтрымлівала. Спачатку не верылася, што мы зможам так высока падняцца. Але мы памаліліся і пайшлі. Усяго нас было прыкладна 100-120 чалавек з розных крымскіх парафій. Наперадзе нас быў крыж! Мы проста ішлі за ім... у маўчанні, пакоры і добрым настроі.
Мы часта спыняліся, каб прачытаць разважанні з Евангелля, зноў маліліся і ішлі далей! Адчувалася адзінства, хоць усе не ведалі адзін аднаго па імёнах, але гэта было не важна, таму што нас аб’ядноўвала адна мэта — узыходжанне на «Галготу». Праз некаторы час нашага шляху з’явілася магчымасць адпачыць і паспавядацца, што было неабходна. Далей мы падымаліся вельмі крутымі сцяжынкамі, усё вышэй і вышэй, далей і далей за крыжам, які неслі па чарзе шматлікія мужчыны з кожнай парафіі, манахі і святары.
Кожны стараўся дапамагаючы адзін аднаму, падтрымаць, каб ніхто не ўпаў, таму што гэта было небяспечнае падарожжа, хоць і захоплівала дух ад прыгажосці навакольнай прыроды. У пэўны момант стала цяжка дыхаць, падымаючыся ўверх. Я зразумела, што Езусу было яшчэ цяжэй ісці, таму што Ён нёс не толькі свой Крыж, але і наш, Яго білі і Ён сцякаў крывёю. Тады я дастала ружанец і пачала маліцца, ціха і спакойна, нікому не перашкаджаючы. І Ён дапамог! У гэты момант я адчула, што Бог з намі, Ён не пакіне таго, хто Яму даверыўся!
І нарэшце мы дайшлі да нашага месца, усе людзі былі шчаслівыя, што змаглі гэта зрабіць. На нашых тварах былі ўсмешкі і радасць. Мы памаліліся і сталі рыхтавацца да Імшы... А пакуль быў час, многія з нас вырашылі паглядзець на крыж, той, што ўнізе ля падножжы гары здаваўся такім далёкім, а зараз быў побач. Пакуль былі на вяршыні гары, надвор’е некалькі разоў змянілася: спачатку быў туман, потым моцны пранізлівы вецер, дождж, снег і сонца (яно з'явілася, калі мы прымалі святую Камунію). Усё гэта казала пра тое, што Бог — з намі.
Я ніколі не забуду гэты Крыжовы шлях, ведаю, што будуць і іншыя, але гэта самы першы і таму такі значны для мяне. Кацярына Левандоўская, Парафіянка парафіі Св. Клімента ў Севастопалі Фота а. Марыюша Возняка ОР (Ялта) Паводле gaudete.ru, (MV) |