Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Латвійскі іерарх: «Праз 50 гадоў Латвія можа стаць мусульманскай дзяржавай»
26.03.2016 15:47

На думку кіраўніка Евангельска-Лютэранскай Царквы Латвіі архіепіскапа Яніса Ванагса, тэрарыстычныя атакі ў Еўропе могуць прывесці да таго, што Латвія праз паўстагоддзя стане мусульманскай дзяржавай.

У інтэрв'ю Латвійскаму тэлебачанню іерарх заявіў, што пад уздзеяннем навін пра падобныя тэракты людзі нярэдка гатовыя адмовіцца ад уласнай рэлігіі, абы іх пакінулі ў спакоі, паведамляе NEWSru.com.

«Чалавек схільны да звароту да рэлігіі, гэта яго патрэба, што вельмі праявілася ў савецкія часы, калі на рэлігію былі ганенні. І калі чалавеку не даваць звярнуцца да рэлігіі, то ён або будзе баяцца, або паспрабуе знайсці сябе ў іншай рэлігіі. Таму я не выключаю, што праз 50 гадоў Латвія рызыкуе стаць мусульманскай краінай», — прыводзіць ТАСС словы архіепіскапа.

Задача хрысціянства ў сітуацыі павелічэння выпадкаў тэрарыстычных нападаў, лічыць архіепіскап Ванагс, заключаецца ў тым, каб дэманстраваць прынцыпова іншы падыход. На думку іерарха, многія мусульмане, перажыўшы «жорсткасць ісламу», па прыбыцці ў Еўропу становяцца хрысціянамі.

«Наша сіла прыцягнення — магчымасць любіць людзей і не чыніць ім зло. Але гэта не выключае канкрэтных і жорсткіх дзеянняў па абароне дзяржавы», — сказаў архіепіскап.

Раней, у кастрычніку мінулага года, старшыня Ісламскага культурнага цэнтра Латвіі Яніс Луціньш заявіў ТАСС, што праз некалькі дзясяткаў гадоў дзяцей мусульман у краіне можа стаць больш, чым дзяцей латышоў. А прэс-сакратар цэнтра Роберт Клімовіч у інтэрв'ю мясцовай газеце «Neatkarīgā rīta avīze» сказаў, што «іслам — гэта лепшы спосаб заваяваць свет у мірнай форме».

Паводле афіцыйных даных Міністэрства юстыцыі Латвіі, лютэранскія рэлігійныя абшчыны і прыходы аб'ядноўваюць больш за 700 тыс. чалавек — амаль палову ўсіх вернікаў краіны. Вернікаў каталіцкага веравызнання — каля 500 тыс. чалавек.

Між тым пра тое, што Латвіі час рыхтавацца да прыходу ісламу, у рэспубліцы гавораць ужо даўно.

У 2009 годзе мясцовыя эксперты заявілі, што ў Латвіі расце папулярнасць ісламу і ўсё большая колькасць жыхароў становіцца мусульманамі. У паліцыі бяспекі тады таксама выступілі з заявай, што ў краіне чакаецца ўзмацненне мусульманскай дыяспары, а Антытэрарыстычны цэнтр агучыў прагноз, згодна з якім у доўгатэрміновай перспектыве ў Латвіі, як і ў іншых краінах Еўрасаюза, значна павялічыцца колькасць мусульман. Прычым прыводзіліся даныя аб тым, што пасля далучэння Латвіі да Шэнгенскай зоны ў рэспубліцы павялічылася колькасць людзей, якія вызнаюць іслам і прыбываюць туды з іншых краін Еўрасаюза.

Па дадзеных Рэгістра прадпрыемстваў, у 2009 годзе ў Латвіі было зарэгістравана 12 мусульманскіх супольнасцяў. Гэта рыжскія арганізацыі «Іман», «Каран», «Іслам», мусульманскія суполкі «Аміна», «Мардзані», «Салам», «Раян», «Алшабаб Алмуслім», а таксама абшчыны Екабпілсам, Рыжскага раёна, Відземскае і Земгальскае прадмесце горада Рыгі.

Праз тры гады паліцыя бяспекі паведаміла, што хоць пакуль у латвійскай мусульманскай суполцы не назіраецца тэндэнцыі да радыкалізацыі, аднак вопыт іншых краін паказвае, што пераход мясцовага насельніцтва ў іслам можа выклікаць пагрозу экстрэмізму.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.