Былы Апостальскі Нунцый у Беларусі (2001-2004 гг.) арцыбіскуп Іван Юркавіч у лютым 2016 года быў прызначаны пастаянным прадстаўніком Святога Пасаду пры структурах ААН у Жэневе і Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
Перад ад’ездам з Расіі (да прызначэння іерарх з’яўляўся Апостальскім Нунцыем у Расіі і Узбекістане) арцыбіскуп распавёў у інтэрв’ю РІА «Новости» пра сваё прызначэнне, місію Каталіцкага Касцёла ў Расіі і імкненне да ўмацавання адносін з Рускай Праваслаўнай Царквой.
«Задача Касцёла — стварэнне духоўнай атмасферы ў сем’ях»
— Ваша Эксцэленцыя, мы з вамі гутарым перад Вялікаднём. Як Вы звычайна святкавалі Уваскрасенне Хрыстова ў дзяцінстве на радзіме?
— Я пакінуў дом у Славеніі 36 гадоў таму, і ўвесь гэты час пражыў за мяжой. Многае змянілася за гэтыя дзесяцігоддзі. Мае ўспаміны перш за ўсё звязаны з бацькамі, якія рабілі ўсё для таго, каб рэлігійныя святы станавіліся важнымі падзеямі для нас, дзяцей. Я жыў у звычайнай працоўнай сям’і, і ўсё рабілася вельмі проста, але з урачыстасцю і поўным пагружэннем. Радасна бачыць, што гэтыя традыцыі захаваліся ў сем’ях маіх брата і сястры і перадаюцца наступным пакаленням. Да святочнай атмасферы дома дадаваўся актыўны ўдзел ў парафіяльным жыцці, гэта значыць мы жылі ў падвойным доме — мацярынскім і духоўным. Я ўпэўнены, што самай вялікай задачай для Касцёла з’яўляецца стварэнне духоўнай атмасферы ў сем’ях. Гэта асабліва важна для буйных гарадоў, у якіх так лёгка, заўсёды будучы на людзях, заставацца духоўным сіратой, без падтрымкі рэлігійнай абшчыны.
— Чым канкрэтна Вы будзеце займацца пасля ад’езду з Масквы?
— У перыяд працы ў Дзяржаўным Сакратарыяце Святога Пасаду я адказваў за ўзаемадзеянне з Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе і за гэтыя шэсць гадоў назапасіў пэўны вопыт працы ў шматбаковай дыпламатыі. Сёння, праз 15 гадоў, ён мне дапаможа ў Жэневе, самым вялікім цэнтры міжнароднай дыпламатыі пасля Нью-Ёрка.
Святы Пасад надае значэнне заўважнай прысутнасці ў сферы шматбаковай дыпламатыі ў тым ліку і таму, што яна з’яўляецца форумам, на якім вырашаюцца пытанні вялікай важнасці для сучаснага свету.
Больш за ўсё Святы Пасад зацікаўлены тэматыкай, звязанай з правамі чалавека, хоць ёсць і іншыя дастаткова важныя пытанні. Асаблівую заклапочанасць выклікае ўзнікненне масавай міграцыі і праблемы бежанцаў. У Жэневе таксама размяшчаюцца іншыя арганізацыі, у працы якіх Святы Пасад зацікаўлена ўдзельнічае, — гэта датычыць пытанняў працы, раззбраення, інтэлектуальнай уласнасці і іншых. Місіі Святога Пасаду спрыяе дастаткова значная група супрацоўнікаў, у асноўным свецкіх, экспертаў у сферы міжнароднага права і ў іншых галінах.
— Што асабліва Вам запомнілася падчас служэння ў Расіі? Якія рэчы з Расіі Вы забераце з сабой у Жэневу?
— Для ўсіх дыпламатаў Масква — месца асаблівае, адно з самых прэстыжных. Яно прыносіць вялікае прафесійнае задавальненне. Я пражыў у гэтай сталіцы дзевяць гадоў і, безумоўна, завязу з сабою шмат успамінаў як з першага постсавецкага перыяду (1992-1996), так і з таго, які толькі што завяршыўся (2011-2016). Яны, вядома, дастаткова адрозніваюцца па адчуваннях, але ад гэтага не перастаюць быць каштоўнымі для майго жыцця. А самым каштоўным назаўсёды застанецца ўсё, звязанае з гістарычнай сустрэчай паміж Святым Айцом Францішкам і Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам.
— Адна з задач Нунцыя — спрыяць развіццю мясцовага Касцёла. А якая, на Ваш погляд, місія Каталіцкага Касцёла ў Расіі?
— Каталіцкая абшчына ў Расіі з’яўляецца часткай рускага грамадства і заўсёды павінна знаходзіць сваё месца ў духоўным, культурным і грамадскім кантэксце. Толькі знаходзячыся ў жывым дыялогу з грамадствам, Касцёл можа ўсвядоміць сваю духоўную місію.
Думаю, што накірунак гэтаму дыялогу — як на ўзроўні простых вернікаў, так і на ўзроўні інстытуцыйным — асаблівым чынам указвае сустрэча ў Гаване. Канешне, адной з важнейшых задач для Каталіцкага Касцёла застаецца паглыбленне ў рускі духоўны кантэкст, гэта значыць больш глыбокае разуменне праваслаўнай традыцыі і духоўнасці. Асабіста я вельмі задаволены тым, што гэты дыялог з рускай духоўнасцю пастаянна вядзецца і ўспрымаецца як незаменны шлях у пошуках нашага месца ў расійскім грамадстве. Мяркую, мы павінны працягваць гэты рух, захоўваючы спакой і хрысціянскую адкрытасць.
— Калі стане вядома імя Вашага пераемніка на пасадзе Апостальскага Нунцыя ў Маскве? Што Вы яму пажадаеце?
— Спадзяюся, што імя майго пераемніка стане вядома хутка, але існуюць вельмі дакладныя дыпламатычныя працэдуры, якія займаюць пэўны час пры змене кіраўніка місіі. Я пажадаў бы яму добра прайсці праз гэты гістарычны перыяд, робячы ўсё магчымае для ўзрастання ўзроўню адносін паміж Касцёлам і Царквой у гэтай новай атмасферы.
Яго чакае штодзённая праца — знаходзіцца побач з нашай каталіцкай абшчынай, наведваць мноства месцаў, быць інструментам папулярызацыі міжхрысціянскага адзінства. Асабліва я пажадаў бы яму шукаць сяброўства з іерархамі Рускай Праваслаўнай Царквы, якія сталі і для мяне крыніцай сапраўднага разумення таго, што дае праваслаўе рускаму грамадству, а таксама яго патэнцыялу для дабротаў усяго сучаснага свету. Віктар Хруль, РІА «Новости» Публікуецца ў скарачэнні. Пераклад з рускай І. Лапато
|