ЗША: Адышла ў вечнасць кляўзуровая манахіня — заснавальніца тэлевізійнай сеткі, якая вяшчае ў 144 краінах |
30.03.2016 09:00 |
На 93-м годзе жыцця адышла ў вечнасць сястра законная, якая заснавала каталіцкую тэлевізійную сетку ў ЗША. Як перадае канал CNN, сястра Марыя Анджэліка ад Звеставання памерла ва ўзросце 92 гадоў у нядзелю Уваскрасення Хрыста. У 1981 годзе, маючы ўсяго 200 долараў, яна змагла стварыць адну з найбольшых тэлевізійных сетак у краіне — «Eternal World Television Network» (EWTN). На сёння EWTN — гэта ўплывовы тэлеканал, радыё і інтэрнэт-сайт. У пачатку 1980-х гадоў манахіня арганізавала студыю ў гаражы кляштара ў Айрондэйле (штат Алабама). Сёння EWTN вяшчае на 264 млн. дамоў у 144 краінах свету. Паводле слоў шэф-рэдактара EWTN Раймона Аройі, сястра Анджэліка была адзінай жанчынай у гісторыі тэлебачання, якая заснавала і кіравала сеткай кабельнага тэлебачання на працягу 20 гадоў. У 1995 годзе часопіс «Times» назваў яе «неверагоднай суперзоркай эфірнага вяшчання і, магчыма, найбольш уплывовай жанчынай Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Амерыцы». Сястра Анджэліка павінна была пакінуць справу ў 2001 годзе. Тады, пасля тэрактаў у ЗША, яна перанесла першы інсульт. Пасля яго яна працягвала выступаць пасля супраць парнаграфіі, дзіцячай прастытуцыі, наркотыкаў, абортаў, тэрарызму і інш. Аднак у снежні 2001 года яна перанесла другі інсульт, пасля якога згубіла дар маўлення, а правы бок сястры законнай аказаўся паралізаваны. Пасля гэтага маці Анджэліка прабывала ў закрытым кляштары. Кляўзура была пабудавана для яе ў 1999 годзе ў Алабаме. У кастрычніку 2009 года Папа Бэнэдыкт XVI узнагародзіў яе папскім медалём за заслугі перад Касцёлам. «Маці Анджэліка атрымала поспех там, дзе не ўдалося гэтага біскупам, — кажа пра памерлую сястру-кларыску арцыбіскуп Чарльз Джозэф Шап’ю з Філадэльфіі. — Ёю была заснавала і развівалася тэлевізійная сетка для католікаў, якія жывуць сваёй верай у штодзённым жыцці. Яна разумела іх патрэбы і знаходзіла для іх духоўную ежу». (AYU)
|