Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскупы Босніі лічаць прысуд лідару сербскіх баевікоў недастатковым для пабудовы міру
31.03.2016 11:22

На гэтым тыдні Міжнародны трыбунал асудзіў на 40 гадоў зняволення лідара сербскіх баявікоў у Босніі Радавана Караджыча за масавыя забойствы. Аднак католікі Босніі лічаць, што гэтага недастаткова для пабудовы трывалага міру.

«Турма для аднаго чалавека не вырашыць нашы праблемы. Увесь план, які ён ажыццяўляў — вайна за тэрыторыю з выкарыстаннем этнічных чыстак — павінен быць асуджаны і дарэшты знішчаны», — сказаў генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Босніі-Герцагавіны мансеньёр Іва Тамашэвіч.

Католікі ў Босніі дагэтуль пакутуюць ад наступстваў акупацыі і этнічных чыстак, якія праводзіліся сербскімі войскамі, як распавёў іерарх.

Вайна паміж сербамі, харватамі і баснійцамі скончылася ў 1995 годзе падпісаннем Дэйтанскіх пагадненняў, аднак дагэтуль каталіцкая харвацкая супольнасць дыскрымінуецца.


Мемарыял ахвярам генацыду ў Срэбраніцы.

«Пакуль няма пакаяння, будзе цяжка казаць пра загаенне ранаў. Каб перамагчы зло, якое было ў мінулым, важна называць усё сваімі імёнамі», — кажа мансеньёр Іва Тамашэвіч.

Радаван Караджыч не прызнае сваю віну ў генацыдзе несербскага насельніцтва Босніі, і яго ў гэтым падтрымлівае значная частка сербаў.

Аляксандр Гелагаеў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.