Прэм'ер-міністр Польшчы падтрымлівае поўную забарону абортаў |
01.04.2016 10:00 |
Старшыня польскага ўраду Беата Шыдла падтрымлівае ініцыятыву закона, які цалкам забараняе аборт. Адначасова яна дадала, што гэта яе прыватнае рашэнне, а не рашэнне палітычнай партыі «Права і справядлівасць», да якой яна належыць. «Кожны з нас будзе вырашаць згодна са сваім сумленнем», — падкрэсліла Беата Шыдла. Некалькі дзясяткаў актывістаў абароны ненароджаных дзяцей 31 сакавіка правялі акцыю пад Сеймам. Удзельнікі хочуць пераканаць палітыкаў змяніць заканадаўства і ўвесці поўную забарону абортаў. «Неад’емнае права на жыццё кожнай чалавечай асобы ад самага зачацця з’яўляецца асноўным элементам грамадства і яго заканадаўства. Калі дзяржава не выкарыстоўвае сваю моц для абароны правоў усіх, асабліва найбольш слабых, сярод якіх знаходзяцца зачатыя і яшчэ ненароджаныя, пад пагрозу ставяцца асновы самой прававой дзяржавы» «Ненароджаныя дзеці — гэта нармальныя людзі, і нельга іх забіваць», — пераконвалі прысутныя. Да прысутных выйшла дэпутат «Права і справядлівасці» Анна Ціхольска, якая адзначыла, што змена наступіць, але гэта не адбудзецца адразу. Паводле яе слоў, грамадства чакае доўгая дыскусія на гэтую тэму. У Польшчы аборт дазволены ў трох выпадках: калі пад пагрозай жыццё ці здароўе маці; калі цяжарнасць з'яўляецца вынікам згвалтавання; у выпадку цяжкай хваробы дзіцяці. У Беларусі аборт дазволена праводзіць да 12-га тыдня без тлумачэння прычын, а на больш позніх тэрмінах — па сацыяльных паказаннях; па медыцынскіх паказаннях; калі цяжарнасць наступіла ў выніку згвалтавання; калі маці пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Аляксандр Гелагаеў паводле Radyjo.net |