Папская рада «Cor Unum» будзе раздаваць дапамогу пацярпелым ва Украіне |
05.04.2016 11:57 |
Пантыфікальная рада «Cor Unum», якая займаецца дабрачыннай дзейнасцю, арганізуе распаўсюджванне сродкаў, сабраных у адказ на заклік Папы Францішка дапамагчы народу Украіны. Пантыфік абвясціў збор сродкаў для ахвяр баёў паміж украінскай арміяй і прарасійскімі баевікамі ва Украіне. Збор сродкаў адбудзецца ў нядзелю 24 красавіка ва ўсіх касцёлах Еўропы. «Тут, у Еўропе, думаю, у прыватнасці, пра драму тых, якія пакутуюць ад наступстваў насілля ва Украіне: пра людзей, што засталіся на землях, спустошаных у выніку ваенных дзеянняў, якія ўжо прывялі да смерці некалькіх тысяч чалавек і таго, што больш за мільён чалавек былі вымушаны пакінуць гэтыя землі з-за цяжкай сітуацыі, якая надалей працягваецца», — сказаў Папа Францішак. Акупацыя Расіяй украінскага Крыма і агрэсія супраць Украіны на Данбасе прывялі да гібелі 9.000 чалавек і прымусілі больш за 1,7 мільёна чалавек пакінуць свае дамы. Паводле англійскай рэдакцыі Ватыканскага радыё (АлГ) |